Памер шрыфту
Чытаньне за 12 траўня 2018:


Дзеі Апосталаў 20.7-12

7. У першы ж дзень тыдня, калі вучні сабраліся на ламаньне хлеба, Павал, намерыўшыся выправіцца на другі дзень, гутарыў зь імі і прадоўжыў слова да поўначы.
8. У сьвятліцы, дзе мы сабраліся, было многа сьвяцільнікаў.
9. Падчас доўгай гутаркі Паўлавай адзін юнак, якога звалі Яўціх і які сядзеў на акне, забыўся ў глыбокім сьне і, пахіснуўшыся, сонны выпаў уніз з трэйцяга паверха і падняты быў мёртвы.
10. Павал, сышоўшы, прыпаў да яго і, абняўшы яго, сказаў: ня трывожцеся, бо душа ягоная ў ім.
11. Падняўшыся ўгору і разламаўшы хлеб і з'еўшы, гутарыў доўга, аж да сьвітаньня, і потым пайшоў.
12. Тым часам хлопца прывялі жывога, і нямала ўцешыліся.

Евангельле паводле Яна 14.10-21

10. Хіба ня верыш ты, што Я ў Айцы, і Айцец ува Мне? Словы, якія кажу Я вам, кажу не ад Сябе; Айцец, Які існы ўва Мне, Ён творыць дзеі.
11. Верце Мне, што Я ў Айцы, і Айцец ува Мне; а калі ня так, дык верце Мне па самых дзеях.
12. Праўду, праўду кажу вам: хто верыць у Мяне, дзеі, якія твару Я, і Ён створыць, і болей за іх створыць; бо Я да Айца Майго іду.
13. І калі чаго папросіце ў Айца ў імя Маё, дык зраблю, хай праславіцца Айцец у Сыне;
14. калі чаго папросіце ў імя Маё, я тое зраблю.
15. Калі любіце Мяне, захавайце Мае запаведзі,
16. і Я ўмалю Айца, і дасьць вам другога Суцешніка, хай будзе з вамі вавек,
17. Духа праўды, Якога сьвет ня можа прыняць, бо ня бачыць Яго і ня ведае Яго; а вы ведаеце Яго, бо Ён з вамі існы, і ў вас будзе.
18. Не пакіну вас сіротамі; прыйду да вас;
19. яшчэ трошкі, і сьвет ужо ня ўбачыць Мяне; а вы ўбачыце Мяне, бо Я жыву, і вы жыцьмеце.
20. У той дзень спазнаеце вы, што Я ў Айцы Маім, і вы ўва Мне, і Я ў вас.
21. Хто мáе запаведзі Мае і захоўвае іх, той любіць Мяне; а хто любіць Мяне, той палюбіцца Айцу Майму, і Я палюблю яго і зьяўлюся яму Сам.