Памер шрыфту
Чытаньне за 15 траўня 2018:


Дзеі Апосталаў 21.26-32

26. Тады Павал, узяўшы тых мужоў і ачысьціўшыся зь імі, на другі дзень увайшоў у храм і абвясьціў заканчэньне дзён ачышчэньня, калі павінна быць прынесена за кожнага зь іх ахвяра.
27. Калі ж сем дзён канчаліся, тады Асійскія Юдэі, убачыўшы яго ў храме, падбухторылі ўсіх людзей і наклалі на яго рукі,
28. закрычаўшы: мужы Ізраільскія, памажэце! Гэты чалавек усіх і ўсюды настаўляе супроць народу і закона і месца гэтага; да таго ж і Элінаў дапусьціў ухрам і спаганіў сьвятое месца гэтае.
29. Бо папярэдне яны бачылі зь ім у горадзе Трахіма Эфэсяніна і думалі, што Павал яго ўвёў у храм.
30. Увесь горад узрушыўся, і пазьбягаліся ўсе людзі; і, схапіўшы Паўла, павалаклі яго з храма, і адразу ж замкнуты былі дзьверы.
31. Калі ж яны хацелі забіць яго, да тысячніка кагорты дайшла вестка, што ўвесь Ерусалім узбунтаваўся;
32. ён, адразу ўзяўшы воінаў і сотнікаў, рушыў на іх; а яны, убачыўшы тысячніка і воінаў, перасталі біць Паўла;

Евангельле паводле Яна 16.2-13

2. прагоняць вас зь сынагогаў; нават прыходзіць час, калі кожны, хто забівацьме вас, будзе думаць, што ён тым служыць Богу.
3. Так будуць рабіць, бо ня зьведалі ні Айца, ні Мяне.
4. Але Я сказаў вам гэта, каб вы, калі прыйдзе той час, успомнілі, што Я казаў вам пра тое; не казаў жа гэтага вам раней, таму што быў з вамі.
5. А цяпер іду да Таго, Хто паслаў Мяне, і ніхто з вас ня пытаецца ў Мяне: куды ідзеш?
6. Але таму, што Я сказаў вам гэта, жальбай напоўнілася сэрца ваша.
7. Але Я праўду кажу вам: лепей вам, каб Я пайшоў; бо, калі Я не пайду, Суцешнік ня прыйдзе да вас; а калі пайду, дык пашлю Яго да вас,
8. і Ён, прыйшоўшы, выкрые сьвет у грэху і ў праўдзе і ў судзе.
9. У грэху, - што ня вераць у Мяне;
10. у праўдзе, - што Я іду да Айца Майго, і ўжо не пабачыце Мяне;
11. а ў судзе, - што князь сьвету гэтага асуджаны.
12. Яшчэ многае маю сказаць вам, але вы цяпер ня можаце спасьцігнуць.
13. Калі ж прыйдзе Ён, Дух праўды, дык наставіць вас на ўсякую праўду: бо не ад Сябе будзе гаварыць, а будзе гаварыць, што пачуе, і будучыню агалосіць вам;