Памер шрыфту
Чытаньне за 17 траўня 2018:


Дзеі Апосталаў 25.13-19

13. Празь некалькі дзён цар Агрыпа і Вэрэніка прыбылі ў Кесарыю павіншаваць Фэста.
14. І як яны правялі там шмат дзён, дык Фэст выклаў цару справу Паўлаву, кажучы: тут ёсьць чалавек, пакінуты Феліксам у кайданах,
15. на якога, у бытнасьць маю ў Ерусаліме, скардзіліся першасьвятары і старэйшыны Юдэйскія, дамагаючыся засудзіць яго.
16. Я адказваў ім, што ў Рымлян няма звычаю выдаваць якога-небудзь чалавека на згубу, перш чым абвінавачаны будзе мець скаржнікаў перад сабою і атрымае свабоду абараняцца ад абвінавачаньня.
17. Калі ж яны прыйшлі сюды, дык, бяз усякага адкладу, на другі дзень, сеў яна суднае месца і загадаў прывесьці таго чалавека.
18. Абступіўшы яго, скаржнікі не назвалі ніводнай віны ягонай, якое я чакаў;
19. але яны мелі пэўныя спрэчкі зь ім пра іхняе богашанаваньне і пра нейкага мёртвага Ісуса, пра Якога Павал сьцьвярджаў, што Ён жывы.

Евангельле паводле Яна 16.23-33

23. І ў той дзень вы не папытаецеся ў Мяне ні пра што. Праўду, праўду кажу вам: чаго ні папросіце ў Айца ў імя Маё, дасьць вам.
24. Дагэтуль вы нічога не прасілі ў імя Маё; прасеце і атрымаеце, каб радасьць ваша была поўная.
25. Дагэтуль Я гаварыў вам прытчамі; але настае часіна, калі ня буду гаварыць вам прытчамі, а проста абвяшчу вам пра Айца.
26. У той дзень будзеце прасіць у імя Маё, і не кажу вам, што Я буду прасіць Айца за вас;
27. бо Сам Айцец любіць вас, бо вы палюбілі Мяне і ўверавалі, што Я зыйшоў ад Бога.
28. Я зыйшоў ад Айца і прыйшоў у сьвет; і зноў пакідаю сьвет і іду да Айца.
29. Вучні Ягоныя сказалі Яму: вось цяпер Ты проста гаворыш і прытчы ня кажаш ніякай;
30. цяпер бачым, што Ты ведаеш усё і ня маеш патрэбы, каб нехта пытаўся ў Цябе; таму веруем, што Ты ад Бога зыйшоў.
31. Ісус адказваў ім: цяпер веруеце?
32. вось, настае гадзіна, і настала ўжо, што вы расьсеецеся кожны ў свой бок і Мяне пакінеце аднаго; але Я не адзін, бо Айцец Мой са Мною.
33. Гэта сказаў Я вам, каб вы мелі ад Мяне мір. У сьвеце зазнаеце скруху; але суцешцеся: Я перамог сьвет.