Памер шрыфту
Чытаньне за 21 красавіка 2017:


Дзеі Апосталаў 3.1-8

1. Пётр і Ян ішлі разам у храм а дзявятай гадзіне малітвы.
2. І быў чалавек, кульгавы ад улоньня маці ягонай, якога насілі і садзілі кожнага дня каля дзьвярэй храма, што называліся Прыгожымі, прасіць міласьціны ўтых, што ўваходзілі ў храм;
3. ён, убачыўшы Пятра і Яна каля ўваходу ў храм, прасіў у іх міласьціны.
4. Пётр зь Янам, прыгледзеўшыся да яго, сказаў: зірні на нас.
5. І той пільна глядзеў на іх, спадзяючыся атрымаць ад іх што-небудзь.
6. Але Пётр сказаў: срэбра і золата няма ў мяне, а што маю, тое даю табе: у імя Ісуса Хрыста Назарэя ўстань і хадзі.
7. І, узяўшы яго за правую руку, падняў; і раптам умацаваліся ў таго ступакі і калені,
8. і, ускочыўшы, устаў, і пачаў хадзіць, і ўвайшоў зь імі ў храм, пахаджаючы і падскокваючы, і славячы Бога,

Евангельле паводле Яна 2.12-22

12. Пасьля гэтага прыйшоў Ён у Капернаум, Сам і Маці Ягоная, і браты Ягоныя і вучні Ягоныя, і прабылі там няшмат дзён.
13. Набліжалася Пасха Юдэйская, і Ісус прыйшоў у Ерусалім
14. і знайшоў, што ў храме прадавалі валоў, авечак і галубоў, і сядзелі мяняйлы грошай.
15. І зрабіўшы бізун зь вяровак, выгнаў з храма ўсіх, і авечак і валоў таксама, і грошы ў мяняйлаў рассыпаў, а сталы іхнія абярнуў;
16. І сказаў прадаўцам галубоў: вазьмеце гэта адсюль, і з дома Айца Майго не рабеце дома гандлёвага.
17. Пры гэтым вучні Ягоныя прыгадалі, што напісана: «рупнасьць за дом Твой зьядае Мяне».
18. На гэта Юдэі сказалі Яму ў адказ: якою азнакаю дакажаш Ты нам, што маеш уладу так рабіць?
19. Ісус сказаў ім у адказ: разбурце храм гэты, і Я за тры дні ўзьвяду яго.
20. На гэта сказалі Юдэі: гэты храм будаваўся сорак шэсьць гадоў, і Ты за тры дні ўзьвядзеш яго?
21. А Ён казаў пра храм Цела Свайго.
22. А калі ўваскрэс Ён зь мёртвых, дык вучні Ягоныя ўспомнілі, што Ён казаў гэта, і паверылі Пісаньню і слову, якое сказаў Ісус.