Памер шрыфту
Чытаньне за 16 траўня 2016:


Пасланьне да Эфэсянаў 5.9-19

9. бо плод Духа - ва ўсякай даброці, праведнасьці і ісьціне.
10. Шукайце таго, што да спадобы Богу,
11. і не бярэце ўдзелу ў бясплённых дзеях цемры, а яшчэ і выкрывайце,
12. бо пра тое, што яны робяць таемна, сорамна і казаць.
13. А ўсё, што выкрываецца, выяўляецца ў сьвятле, бо ўсё, што робіцца яўным, ёсьць сьвятло.
14. Таму сказана: «устань, хто сьпіць, і ўваскрэсьні зь мёртвых, і асьветліць цябе Хрыстос!».
15. Дык глядзеце, дзейце асьцярожна, не як неразумныя, а як мудрыя,
16. цэнячы дорага час, бо дні - ліхія.
17. Дык ня будзьце ж неразважныя, а спазнавайце, што ёсьць воля Божая.
18. І не ўпівайцеся віном, ад якога бывае распуста; а напаўняйцеся Духам,
19. настаўляючы саміх сябе псальмамі і славаслоўем і духоўнымі сьпевамі, сьпяваючы і апяваючы ў сэрцах вашых Госпада,

Евангельле паводле Мацьвея 18.10-20

10. Глядзеце, не пагарджайце ніводным з малых гэтых; бо кажу вам, што анёлы іх на нябёсах заўсёды бачаць аблічча Айца Майго Нябеснага.
11. Бо прыйшоў Сын Чалавечы вышукаць і выратаваць пагіблае.
12. Як вам здаецца? Калі б у нейкага чалавека было сто авечак і заблудзілася адна зь іх; ці не пакіне ён дзевяноста дзевяцёх ў горах і ці ня пойдзе тую шукаць, што заблудзілася?
13. і калі дасца знайсьці яе, дык, праўду кажу вам, ён радуецца за яе болей, чым за дзевяноста дзевяць, што не заблудзіліся.
14. Так няма волі Айца вашага Нябеснага, каб загінуў адзін з малых гэтых.
15. А калі згрэшыць супроць цябе брат твой, ідзі і выкрый яго паміж табою і ім адным; калі паслухаецца цябе, дык здабыў ты брата твайго;
16. калі ж не паслухаецца, вазьмі з сабою яшчэ аднаго альбо двух, каб вуснамі двух альбо трох сьведкаў пацьвердзілася кожнае слова;
17. калі ж не паслухаецца іх, скажы царкве; а калі і царквы не паслухаецца, дык няхай будзе ён табе, як язычнік і мытнік.
18. Праўду кажу вам: што вы зьвяжаце на зямлі, тое будзе зьвязана на небе; ішто разьвяжаце на зямлі, тое будзе разьвязана на небе.
19. Праўду таксама кажу вам, што калі двое з вас пагодзяцца на зямлі прасіць за любую справу, дык чаго б ні папрасілі, будзе ім ад Айца Майго, Які ёсьць у нябёсах;
20. бо дзе двое альбо трое сабраныя ў імя Маё, там Я сярод іх.