Памер шрыфту
Чытаньне за 18 траўня 2016:


Пасланьне да Рымлянаў 1.18-27

18. Бо адкрываецца гнеў Божы зь неба на ўсякую бязбожнасьць і няпраўду людзей, якія ўціскаюць ісьціну няпраўдаю;
19. бо, што можна ведаць пра Бога, ёсьць яўнае ім, таму што Бог явіў ім;
20. бо нябачнае ў Ім, вечная сіла Ягоная і боскасьць, ад стварэньня сьвету праз сузіраньне тварэньняў бачныя, так што яны ня маюць выбачэньня.
21. Але як што яны, спазнаўшы Бога, не праславілі Яго як Бога, і не падзякавалі, а змарнаваліся ў развагах розуму свайго, і запамрочылася неразумнае іхняе сэрца:
22. называючы сябе мудрымі, здурнелі,
23. і славу нятленнага Бога зьмянілі на падабенства вобраза прахлага чалавека, і птушак, і чатырногаў, і гадаў, -
24. дык і аддаў іх Бог у пахацінствах сэрцаў іхніх нячыстасьці, так што яны апаганьвалі самі свае целы;
25. яны падмянілі ісьціну Божую на ману і пакланяліся і служылі стварэньню замест Творцы, які дабраславёны навекі, амін.
26. Таму аддаў іх Бог ганебным пажадам: жанчыны іхнія замянілі прыроднае паяднаньне на супрацьпрыроднае;
27. гэтак сама і мужчыны, занядбаўшы прыроднае паяднаньне з жаночым полам, распальваліся пахацінствам сваім адзін да аднаго, мужчыны на мужчынах чынілі сорам і атрымлівалі самі ў сабе расплату за сваю аблуду.

Евангельле паводле Мацьвея 5.20-26

20. Бо, кажу вам, калі праведнасьць ваша не пераважыць праведнасьці кніжнікаў і фарысэяў, дык ня ўвойдзеце вы ў Царства Нябеснае.
21. Вы чулі, што сказана продкам: «не забівай; а хто заб'е, падпадае суду».
22. А Я кажу вам, што кожны, хто гневаецца на брата свайго марна, падпадае суду; хто ж бо скажа брату свайму «пусты чалавек», падпадае сынедрыёну*; а хто скажа «неразумны», падпадае геене вогненнай.
23. Дык вось, калі ты прынясеш дар твой да ахвярніка і ўспомніш там, што брат твой мбе нешта супроць цябе,
24. пакінь там дар твой перад ахвярнікам, і ідзі сьпярша памірыся з братам тваім, і тады прыйдзі і прынясі дар твой.
25. Мірыся з праціўнікам тваім хутчэй, пакуль ты яшчэ ў дарозе зь ім, каб не аддаў цябе праціўнік судзьдзі, а судзьдзя не аддаў цябе слузе, і ня ўкінуў цябе ў цямніцу;
26. праўду кажу табе: ня выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошняга кадранта**.