Памер шрыфту
Чытаньне за 24 траўня 2018:


Пасланьне да Рымлянаў 1.28-2.9

28. І як што яны не стараліся мець Бога ў розуме, дык аддаў іх Бог розуму перавернутаму - чыніць непатрэбшчыну,
29 так што яны поўныя ўсялякай няпраўды, распусты, зламыснасьці, ліхазьдзірства, злосьці, поўныя зайздрасьці, душагубства, звады, ашуканства, ліхадушнасьці,
30. яны паклёпнікі, хлусы, боганенавісьнікі, крыўдзіцелі, самахвалы, пыхліўцы, вынаходлівыя на зло, бацькам непакорлівыя,
31. неразумныя, вераломныя, нлюбы, няпрымірцы, нелітасьціўцы.
32. Яны ведаюць праведны вырак Божы, што тыя, якія чыняць такое, вартыя сьмерці; аднак жа ня толькі гэта робяць, але і сабе падобных падахвочваюць.
1. Вось таму няма апраўданьня табе, кожны чалавеча, што судзіш другога; бо тым самым судом, якім судзіш другога, асуджаеш сам сябе; бо, асуджаючы другога, робіш тое самае.
2. А мы ведаем, што паводле ісьціны ёсьць суд Божы на тых, што такое чыняць.
3. Няўжо думаеш ты, чалавеча, што ўнікаеш суду Божага, калі асуджаеш тых, якія ўчыняюць такое, і сам робячы тое самае?
4. Альбо пагарджаеш багацьцем даброці, лагоднасьці і вялікай цярплівасьці Божай, не разумеючы, што даброць Божая вядзе цябе да пакаяньня?
5. Але, з упартасьці тваёй і нераскаянага сэрца ты сам сабе зьбіраеш гнеў на дзень гневу і абвяшчэньня праведнага суду ад Бога,
6. Які кожнаму аддасьць паводле дзеяў ягоных:
7. тым, якія ўвесь час ў добрых дзеях шукаюць славы, гонару і бесьсьмяротнасьці, - жыцьцё вечнае;
8. а тым, якія ўпарцяцца і супрацівяцца ісьціне, ды аддаюцца няпраўдзе, - лютасьць і гнеў.
9. Смутак і скруха ўсякай душы чалавека, які чыніць ліхое: першаму Юдэю, потым і Эліну!

Евангельле паводле Мацьвея 5.27-32

27. Вы чулі, што сказана продкам: «Ня чыні пералюбу».
28. А Я вам кажу, што кожны, хто глядзіць на жанчыну з пажадаю, ужо ўчыніў пералюб зь ёю ў сэрцы сваім.
29. Калі ж правае вока тваё спакушае цябе, вырві яго і кінь ад сябе; бо лепей табе, каб загінуў адзін з чэлесаў тваіх, а ня ўсё цела тваё было ўкінута ўгеену.
30. І калі правая твая рука спакушае цябе, адатні яе і кінь ад сябе; бо лепей табе, каб загінуў адзін з чэлесаў тваіх, а ня ўсё цела тваё было ўкінута ўгеену.
31. Сказана таксама, што, калі хто разьвядзецца з жонкаю сваёю, няхай дасьць ёй разводны ліст.
32. А Я вам кажу: кожны, хто разводзіцца з жонкаю сваёю, акрамя як з прычыны распусты, той даводзіць яе да пералюбу; і хто ажэніцца з разьведзенай, той чыніць пералюб.