Памер шрыфту
Чытаньне за 25 траўня 2018:


Пасланьне да Рымлянаў 2.14-29

14. бо, калі язычнікі, ня маючы закона, ад прыроды законнае робяць, дык, ня маючы закона, яны самі сабе закон:
15. яны паказваюць, што дзеі закона ў іх напісаны ў сэрцах, пра што сьведчыць сумленьне іхняе і думкі іхнія, якія то вінавацяць, то апраўдваюць адна адну,
16. у дзень, калі паводле зьвеставаньня майго, Бог будзе судзіць таемныя дзеі людзей празь Ісуса Хрыста.
17. Вось, ты называешся Юдэем, і супакойваеш сябе законам, і хвалішся Богам,
18. і ведаеш волю Ягоную, і разумееш лепшае, навучаючыся з закона,
19. і ўпэўнены пра сябе, што ты павадыр сьляпым, сьвятло тым, што ходзяць у цемры, -
20. выхавальнік неразумным, настаўнік дзецям, які мае ўзор розуму і ісьціны ў законе:
21. як жа ты, навучаючы другога, ня вучыш сябе самога?
22. Прапаведуючы ня красьці, крадзеш? кажучы: не распусьнічай, распусьнічаеш? грэбуючы ідаламі, рабуеш сьвятыні?
23. хвалішся законам, а, пераступаючы закон, зьневажаеш Бога?
24. бо дзеля вас, як напісана, імя Божае ганьбуецца ў язычнікаў.
25. Абразаньне карыснае, калі выконваеш закон; а калі ты пераступаеш закон, дык абразаньне тваё сталася неабразаньнем.
26. Дык вось, калі неабразанец выконвае пастановы закона, дык ягонае неабразаньне ці не залічыцца яму за абразаньне?
27. І неабрэзаны ад прыроды, які выконвае закон, ці не асудзіць цябе, пераступніка закона зь Пісаньнем і абразаньнем?
28. Бо ня той Юдэй, хто такі з выгляду, і ня тое абразаньне, якое вонкавае, на плоці;
29. а той Юдэй, хто ўнутрана такі, і тое абразаньне, якое ў сэрцы паводле Духа, а не паводле літары: яму і пахвала не ад людзей, а ад Бога.

Евангельле паводле Мацьвея 5.33-41

33. Зноў жа чулі вы, што сказана продкам: «Не давай ілжывай прысягі, а выконвай прад Госпадам прысягі твае».
34. А Я вам кажу: не прысягай зусім: ні небам, бо яно - Трон Божы;
35. ні зямлёю, бо яна падножжа нагам Ягоным; ні Ерусалімам, бо ён горад Вялікага Цара;
36. ні галавою тваёю не прысягай, бо ня можаш ніводнай валасінкі зрабіць белаю альбо чорнаю.
37. А хай будзе слова ваша: «так - так», «не - не»; а што звыш гэтага, тое ад ліхога.
38. Вы чулі, што сказана: «Вока за вока, і зуб за зуб».
39. А Я кажу вам не працівіцца злому. Калі хто цябе ўдарыць па правай шчацэ тваёй, падстаў яму і другую;
40. і калі хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе кашулю, аддай яму і вопратку;
41. і калі хто цябе змусіць ісьці зь ім адно попрышча***, ідзі зь ім два.