Памер шрыфту
Чытаньне за 27 траўня 2018:


Евангельле паводле Мацьвея 28.16-20

16. Адзінаццаць жа вучняў пайшлі ў Галілею, на гару, куды загадаў ім Ісус;
17. і, убачыўшы Яго, пакланіліся Яму; а другія засумняваліся.
18. І, прыступіўшы, Ісус сказаў ім: дадзена Мне ўсякая ўлада на небе і на зямлі:
19. дык ідзеце, навучайце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца і Сына і Сьвятога Духа,
20. вучачы іх выконваць усё, што Я запаведаў вам; і вось, Я з вамі ва ўсе дні да сканчэньня веку. Амін.

Пасланьне да Габрэяў 11.33-12.2

33. якія вераю перамагалі царствы, тварылі праўду, атрымлівалі абяцаньні, замыкалі пашчы львам,
34. тушылі сілу вагню, пазьбягалі вострага меча, мацаваліся ад немачы, былі моцныя на вайне, праганялі кагорты чужынцаў;
35. жонкі атрымлівалі нябожчыкаў сваіх уваскрэслымі; а іншыя замучаны былі, ня прыняўшы вызваленьня, каб атрымаць лепшае ўваскрэсеньне;
36. іншыя перанесьлі зьдзекі і пабоі, а таксама кайданы і цямніцу.
37. Былі пабіваныя камянямі, пілаваныя, катаваныя, паміралі ад меча, блукалі ў авечых і казіных скурах, цярпелі нястачы, уціскі, азлабленьне;
38. тыя, каго ўвесь сьвет ня быў варты, блукалі па пустынях і горах, па пячорах і цясьнінах зямных.
39. І ўсе гэтыя, засьведчаныя ў веры, не атрымалі абяцанага,
40. таму што Бог прадугледзеў нам нешта лепшае, каб яны не бяз нас дасягнулі дасканаласьці.
1. Таму і мы, маючы вакол сябе такую хмару сьведкаў, скінем зь сябе ўсякі цяжар і грэх, які аблытвае нас, і цярпліва будзем праходзіць праз поле змаганьня, якое ляжыць перад намі,
2. гледзячы на Пачынальніка і Спраўцу веры, Ісуса, Які, дзеля радасьці, што была перад Ім, прыняў крыж, пагардзіўшы ганьбаю, і сеў праваруч трона Божага.

Евангельле паводле Мацьвея 10.32-33, 37-38, 19.27-30

32. Дык вось, кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, таго вызнаю і Я перад Айцом Маім, Які ёсьць у нябёсах;
33. а хто зрачэцца Мяне перад людзьмі, таго зракуся і Я перад Айцом Маім, Які ёсьць у нябёсах.
[...]
37. Хто любіць бацьку ці маці больш за Мяне, ня варты Мяне; і хто любіць сына ці дачку больш за Мяне, ня варты Мяне;
38. і хто не бярэ крыжа свайго і ня йдзе сьледам за Мною, той ня варты Мяне.
[...]
27. Тады Пётр, адказваючы, сказаў Яму: вось, мы пакінулі ўсё і пайшлі сьледам за Табою; што ж будзе нам?
28. А Ісус сказаў ім: праўду кажу вам, што вы, хто пайшоў сьледам за Мною, -у новым жыцьці, калі сядзе Сын Чалавечы на троне славы Сваёй, сядзеце і вы на дванаццаці тронах судзіць дванаццаць каленаў Ізраілевых;
29. і кожны, хто пакіне дамы, альбо братоў, альбо сёстраў, альбо бацьку, альбо маці, альбо жонку, альбо дзяцей, альбо землі дзеля імя Майго, атрымае ў сто разоў больш і ўспадкуе жыцьцё вечнае.
30. А многія першыя будуць апошнімі, і апошнія першымі.