Памер шрыфту
Чытаньне за 23 траўня 2016:


Пасланьне да Рымлянаў 2.28-3.18

28. Бо ня той Юдэй, хто такі з выгляду, і ня тое абразаньне, якое вонкавае, на плоці;
29. а той Юдэй, хто ўнутрана такі, і тое абразаньне, якое ў сэрцы паводле Духа, а не паводле літары: яму і пахвала не ад людзей, а ад Бога.
1. Дык вось, у чым жа перавага быць Юдэем, альбо якая карысьць ад абразаньня?
2. Вялікая, ва ўсіх праявах, а найперш у тым, што ім даверана слова Божае.
3. Бо што ж? калі некаторыя ня верылі, хіба ж няверства іхняе зьнішчыць вернасьць Божую?
4. Зусім не. Бог верны, а кожны чалавек ілжывы, як напісана: «Ты праведны ў словах Тваіх і пераможаш, у судзе Тваім».
5. А калі нашая няпраўда выяўляе праўду Божую, дык што скажам? няўжо будзе Бог несправядлівы, калі паказвае гнеў? - кажу, па-чалавечы разважаючы.
6. Зусім не. Бо як жа тады Богу судзіць сьвет?
7. Бо, калі вернасьць Божая ўзвышаецца маёю нявернасьцю на славу Божую, завошта яшчэ мяне ж судзіць, як грэшніка?
8. І ці ж не рабіць нам зло, каб выйшла на дабро, як некаторыя ўпікаюць нас і кажуць, быццам мы гэтак вучым? Справядлівы суд на такіх.
9. Дык што ж? ці маем мы перавагу? Зусім не; бо мы ўжо даказалі, што як Юдэі, так і Эліны, усе пад грэхам,
10. як напісана: «няма праведнага аніводнага;
11. няма, хто разумеў бы; няма, хто Бога шукаў бы;
12. усе зьбіліся з тропу, нягодныя сталіся ўсе: няма, хто тварыў бы дабро, няма аніводнага».
13. Горла іхняе - дамавіна адчыненая, лісьлівяць яны языком; атрута асьпідаў у іх на губах;
14. вусны ў іх поўныя ліхаслоўя і горычы.
15. Ногі ў іх борздыя на праліваньне крыві;
16. разбурэньне і згубнасьць на іхніх дарогах;
17. яны ня ведаюць шляхоў міру.
18. Няма страху Божага перад вачамі ў іх».

Евангельле паводле Мацьвея 6.31-34, 7.9-11

31. Дык вось, ня турбуйцеся і не кажэце: «што нам есьці?» альбо: «што піць?» альбо: «у што апрануцца?».
32. Бо ўсяго гэтага шукаюць язычнікі; ведае бо Айцец ваш Нябесны, што вы маеце патрэбу ва ўсім гэтым.
33. Шукайце ж найперш Царства Божага і праведнасьці Ягонай, і гэта ўсё дадасца вам.
34. Дык вось, ня турбуйцеся заўтрашнім днём, бо заўтрашні сам за сябе патурбуецца: досыць кожнаму дню свайго клопату.
[...]
9. Ці ёсьць сярод вас такі чалавек, які, калі папросіць сын ягоны ў яго хлеба, камень падаў бы яму?
10. і калі рыбы папросіць, зьмяю падаў бы яму?
11. Дык вось, калі вы, ліхія, умееце дары добрыя даваць вашым дзецям, тым болей Айцец ваш, Які ёсьць у нябёсах, дасьць даброты тым, хто просіць у Яго.