Памер шрыфту
Чытаньне за 29 траўня 2018:


Пасланьне да Рымлянаў 4.4-12

4. Плата працаўніку залічваецца не зь мілаты, а з абавязку;
5. а таму, хто не працуе, а верыць у Таго, Хто апраўдвае бязбожнага, вера ягоная залічваецца ў праведнасьць.
6. Так і Давід называе шчасным чалавека, якому Бог залічвае праведнасьць незалежна ад дзеяў:
7. «дабрашчасныя, каму беззаконьні дараваныя і чые грахі пакрытыя;
8. дабрашчасны той чалавек, якому Гасподзь не залічыць грэху».
9. Дабрашчаснасьць гэтая датычыцца абразаньня, ці неабразаньня? Мы кажам, што Абрагаму вера залічылася ў праведнасьць.
10. Калі залічылася? пасьля абразаньня ці да абразаньня? Не пасьля абразаньня, а да абразаньня.
11. І знак абразаньня ён атрымаў, як пячатку праведнасьці празь веру, якую меў у неабразаньні, так што ён стаўся бацькам усіх веруючых у неабразаньні, каб і ім залічылася праведнасьць,
12. і бацькам абрэзаных, ня толькі тых, што прынялі абразаньне, але і тых, што ходзяць па сьлядах веры бацькі нашага Абрагама, якую меў ён у неабразаньні.

Евангельле паводле Мацьвея 7.15-21

15. Асьцерагайцеся ілжывых прарокаў, якія прыходзяць да вас у авечай адзежы, а ўсярэдзіне - ваўкі драпежныя;
16. па іхніх пладах пазнаеце іх. Ці ж зьбіраюць зь цярноўніку вінаград, альбо зь дзядоўніку смоквы?
17. Так усякае добрае дрэва родзіць і плады добрыя, а благое дрэва родзіць іплады благія:
18. ня можа добрае дрэва радзіць благія плады, ні дрэва благое радзіць плады добрыя.
19. Усякае дрэва, якое ня родзіць плоду добрага, сьсякаюць і кідаюць у вагонь.
20. Дык вось, па пладах іхніх пазнаеце іх.
21. Ня кожны, хто кажа Мне: «Госпадзе! Госпадзе!» увойдзе ў Царства Нябеснае, а той, хто выконвае волю Айца Майго, Які ёсьць у нябёсах.