Памер шрыфту
Чытаньне за 26 траўня 2016:


Пасланьне да Рымлянаў 5.10-16

10. Бо калі мы, будучы ворагамі, прымірыліся з Богам сьмерцю Сына Ягонага, дык тым болей, прымірыўшыся, уратуемся жыцьцём Ягоным;
11. і мала таго, але і хвалімся Богам праз Госпада нашага Ісуса Хрыста, празь Якога мы атрымалі цяпер прымірэньне.
12. А таму, як праз аднаго чалавека грэх увайшоў у сьвет, і праз грэх - сьмерць, так і сьмерць перайшла ва ўсіх людзей, бо ў ім усе зграшылі.
13. Бо і да закона грэх быў у сьвеце; але грэх не залічваецца, калі няма закона.
14. Аднак жа сьмерць панавала ад Адама да Майсея і над тымі, якія не зграшылі падобна правіннасьці Адама, які ёсьць вобраз будучага,
15. але дар мілаты ня як правіна. Бо праз правіну аднаго памерлі многія, дык тым больш мілата Божая і дар празь мілату аднаго Чалавека, Ісуса Хрыста, шчодра красуюць для многіх.
16. І дар ня як суд за аднаго грэшніка; бо суд за адну правіну прыносіць асуду, а дар мілаты за многія правіны - апраўданьне.

Евангельле паводле Мацьвея 8.23-27

23. І калі ўвайшоў Ён у лодку, увайшлі за Ім вучні Ягоныя.
24. І вось, бура вялікая сталася на моры, ажно лодку захліствалі хвалі; а Ён спаў.
25. І вучні Ягоныя, падышоўшы да Яго, разбудзілі Яго і сказалі: Госпадзе! ратуй нас, гінем.
26. І кажа ім: чаго вы спалохаліся, малаверы? Тады, устаўшы, забараніў вятрам і мору, і сталася ціша вялікая.
27. А людзі, дзівуючыся, казалі: хто Гэты, што і вятры, і мора слухаюцца Яго?