Памер шрыфту
Чытаньне за 27 траўня 2016:


Пасланьне да Рымлянаў 5.17-6.2

17. Бо калі за правіну аднаго сьмерць панавала праз аднаго, дык тым болей тыя, што прымаюць шчадроты мілаты і дар праведнасьці, будуць панаваць у жыцьці праз адзінага Ісуса Хрыста.
18. Вось таму, як праз правіну аднаго ўсім людзям асуда, так і праз праведнасьць аднаго ўсім людзям апраўданьне да жыцьця.
19. Бо, як празь непаслушэнства аднаго чалавека зрабіліся многія грэшнікамі, так і праз паслушэнства аднаго стануць праведнымі многія.
20. А закон прыйшоў пасьля, і так памножыліся правіны. А калі памножыўся грэх, шчодра закрасавала мілата,
21. каб, як грэх панаваў дзеля сьмерці, так і мілата запанавала праз праведнасьць дзеля жыцьця вечнага Ісусам Хрыстом, Госпадам нашым.
1. Што ж скажам? ці заставацца нам у грэху, каб памножылася мілата? Зусім не.
2. Мы памерлі для грэху: як жа нам жыць у ім?

Евангельле паводле Мацьвея 9.14-17

14. Тады прыходзяць да Яго вучні Янавыя і кажуць: чаму мы і фарысэі посьцім многа, а Твае вучні ня посьцяцца?
15. І сказаў ім Ісус: ці могуць засмучацца сыны харомаў шлюбных, пакуль зь імі малады? Але прыйдуць дні, калі адымецца ў іх малады, і тады будуць пасьціцца.
16. І ніхто не прышывае латкі зь нябеленага палатна да старой адзежыны; бо зноў прышытае аддзярэцца ад старога, і дзірка будзе яшчэ горшая.
17. Ня ўліваюць таксама віна маладога ў мяхі старыя; а інакш дзяруцца мяхі, авіно маладое ўліваюць у новыя мяхі, і зьберагаецца і тое і другое.