Памер шрыфту
Чытаньне за 2 чэрвеня 2018:


Пасланьне да Рымлянаў 3.19-26

19. А мы ведаем, што закон, калі што гаворыць, гаворыць да тых, хто пад законам, так што замыкаюцца ўсякія вусны, і ўвесь сьвет робіцца вінаваты перад Богам,
20. бо дзеямі закона не апраўдаецца перад Ім ніякая плоць; бо законам спазнаецца грэх.
21. Але сёньня, незалежна ад закона, зьявілася праведнасьць Божая, пра якую сьведчаць закон і прарокі,
22. праведнасьць Божая празь веру ў Ісуса Хрыста ва ўсіх і на ўсіх вернікаў; бо няма розьніцы,
23. бо ўсе зграшылі і пазбаўлены славы Божай,
24. атрымліваючы апраўданьне дарам, паводле мілаты Ягонай, адкупленьнем у Ісусе Хрысьце,
25. Якога Бог прынёс у ахвяру ўмілажальваньня ў Крыві Ягонай празь веру, для паказу справядлівасьці Ягонай ў дараваньні грахоў, учыненых раней,
26. у доўгім цярпеньні Божым, для паказу справядлівасьці Ягонай ў сёньняшні час, - хай зьявіцца Ён справядлівы і апраўдае таго, хто веруе ў Ісуса.

Евангельле паводле Мацьвея 7.1-8

1. Ня судзеце, каб і вас ня судзілі;
2. бо якім судом судзіце, такім вас судзіць будуць; і якою мераю мерыце, такою і вам будуць мерыць.
3. І што ты глядзіш на парушынку ў воку брата твайго, а калоды ў воку сваім не адчуваеш?
4. Альбо, як скажаш брату свайму: «Дай, я выму парушынку з вока твайго»; а вось у тваім воку калода?
5. Крывадушнік! вымі спачатку калоду са свайго вока, і тады ўбачыш, як выняць парушынку з вока брата твайго.
6. Не давайце сьвятога сабакам і ня кідайце пэрлаў вашых перад сьвіньнямі, каб яны не стапталі іх нагамі сваімі і, абярнуўшыся, не разадралі вас.
7. Прасеце, і дасца вам; шукайце, і знойдзеце; стукайцеся, і адчыняць вам;
8. бо кожны, хто просіць, атрымлівае, і, хто шукае, знаходзіць, і хто стукаецца, таму адчыняць.