Памер шрыфту
Чытаньне за 5 чэрвеня 2018:


Пасланьне да Рымлянаў 7.14-8.2

14. Бо мы ведаем, што закон - духоўны, а я плоцкі, прададзены грэху.
15. Бо не разумею, што раблю; таму што ня тое раблю, што хачу, а што ненавіджу, тое раблю.
16. А калі раблю тое, чаго не хачу, дык згаджаюся з законам, што ён добры,
17. а таму ўжо ня я раблю тое, а грэх, які жыве ўва мне.
18. Бо ведаю, што ня жыве ўва мне, гэта значыцца, у плоці маёй, добрае; бо жадаць дабра я магу, а рабіць яго - не.
19. Добрага, якога хачу, не раблю, а ліхое, якога не хачу, раблю.
20. А калі раблю тое, чаго не хачу, дык ужо ня я раблю тое, а грэх, які жыве ўва мне.
21. Дык вось, я знаходжу закон: што, калі хачу рабіць добрае, ува мне сядзіць благое;
22. бо ва ўнутраным чалавеку я маю задавальненьне ад закона Божага,
23. а ў чэлесах маіх бачу іншы закон, які ваюе супроць закона розуму майго і робіць мяне палонным закона грахоўнага, які ў чэлесах маіх.
24. Няшчасны я чалавек! хто вызваліць мяне ад гэтага цела сьмерці?
25. Дзякую Богу (майму) празь Ісуса Хрыста, Госпада нашага. Дык вось, сам я служу розумам закону Божаму, а плоцьцю - закону грахоў.
1. Такім чынам - няма сёньня ніякай асуды тым, хто ў Ісусе Хрысьце жыве не паводле плоці, а паводле духу,
2. бо закон Духа жыцьця ў Хрысьце Ісусе вызваліў мяне ад закона грэху і сьмерці.

Евангельле паводле Мацьвея 10.9-15

9. Не бярэце з сабою ні золата, ні срэбра, ні медзі ў паясы свае,
10. ні торбы ў дарогу, ні дзьве вопраткі, ні абутку, ні кія. Бо хто працуе, той варты пракорму.
11. У які горад ці селішча вы ні ўвайшлі б, даведайцеся, хто ў ім годны, і там заставайцеся, пакуль ня выйдзеце;
12. а ўваходзячы ў дом, вітайце яго, кажучы: «мір дому гэтаму»;
13. і калі дом будзе годны, дык сыйдзе мір ваш на яго; калі ж ня будзе годны, дык мір ваш да вас вернецца.
14. А калі хто ня прыме вас і не паслухаецца слоў вашых, дык, выходзячы з дома, альбо з горада таго, абцярушэце пыл з ног вашых;
15. праўду кажу вам: лягчэй будзе зямлі Садомскай і Гаморскай у дзень судны, чым гораду таму.