Памер шрыфту
Чытаньне за 6 чэрвеня 2018:


Пасланьне да Рымлянаў 8.2-13

2. бо закон Духа жыцьця ў Хрысьце Ісусе вызваліў мяне ад закона грэху і сьмерці.
3. Як закон, аслаблены плоцьцю, быў бясьсільны, дык Бог паслаў Сына Свайго ў падабенстве плоці грахоўнай у ахвяру за грэх, і асудзіў грэх у плоці,
4. каб апраўданьне закона спраўдзілася ў нас, хто не паводле плоці жыве, а паводле Духа.
5. Бо, хто жыве паводле плоці, пра плоцкае думае, а хто жыве паводле Духа - пра духоўнае.
6. Помыслы плоцкія - сьмерць, а помыслы Духа - жыцьцё і мір,
7. бо помыслы плоці - гэта варожасьць да Бога; бо закону Божаму не ўпакорваюцца, ды і ня могуць.
8. А таму тыя, што жывуць паводле плоці, Богу дагадзіць ня могуць.
9. Але вы не паводле плоці жывяце, а паводле Духа, калі толькі Дух Божы жыве ў вас. Калі ж хто Духа Хрыстовага ня мае, той не Ягоны.
10. А калі Хрыстос у вас, дык цела мёртвае для грэху, а дух жывы для праведнасьці.
11. Калі ж Дух Таго, Хто ўваскрэсіў зь мёртвых Ісуса, жыве ў вас, дык Той, хто ўваскрэсіў Хрыста зь мёртвых, ажывіць і вашыя сьмяротныя целы Духам Сваім, Які жыве ў вас.
12. Дык вось, браты, мы не даўжнікі плоці, каб жыць паводле плоці;
13. бо, калі жывяце паводле плоці, дык памраце, а калі Духам нішчыце ўчынкі плоцкія, жыць будзеце;

Евангельле паводле Мацьвея 10.16-22

16. Вось, Я пасылаю вас, як авечак сярод ваўкоў: дык вось, будзьце мудрыя, як зьмеі, і простыя, як галубы.
17. Сьцеражэцеся ж людзей: бо яны аддаваць будуць вас у судзілішчы і ў сынагогах сваіх біць будуць вас,
18. і павядуць вас да правіцеляў і да цароў за Мяне на сьведчаньне перад імі і язычнікамі.
19. Калі ж будуць выдаваць вас, ня турбуйцеся, як або што сказаць; бо дадзена будзе вам у той час, што сказаць;
20. бо ня вы будзеце гаварыць, а Дух Айца вашага гаварыць будзе ў вас.
21. І выдасьць брат брата на сьмерць, і бацька - сына; і паўстануць дзеці на бацькоў і заб'юць іх;
22. і будзеце зьненавіджаныя ўсімі за імя Маё; а хто вытрывае да канца, уратаваны будзе.