Памер шрыфту
Чытаньне за 7 чэрвеня 2018:


Пасланьне да Рымлянаў 8.22-27

22. Бо ведаем, што ўсе стварэньні енчаць і пакутуюць дагэтуль;
23. і ня толькі яны, але і мы самі, маючы пачатак Духа, і мы ў сабе енчым, чакаючы ўсынаўленьня, адкупленьня цела нашага.
24. Бо мы ўратаваныя праз надзею. А надзея, калі бачыць, ня ёсьць надзея; бо, калі хто бачыць, дык навошта ж яму і спадзявацца?
25. Але калі спадзяёмся на тое, чаго ня бачым, тады чакаем цярпліва.
26. Гэтак сама і Дух мацуе (нас) у нямогласьцях нашых; бо мы ня ведаем, за што маліцца, як трэба, а Сам Дух заступаецца за нас уздыханьнямі нявымоўнымі.
27. А Той, Хто выпрабоўвае сэрцы, ведае, якая думка ў Духа, бо Ён рупіцца за сьвятых, па волі Божай.

Евангельле паводле Мацьвея 10.23-31

23. Калі ж будуць вас гнаць у адным горадзе, уцякайце ў другі, бо праўду кажу вам: не пасьпееце абысьці гарадоў Ізраілевых, як прыйдзе Сын Чалавечы.
24. Вучань ня вышэйшы за настаўніка, і слуга ня вышэйшы за гаспадара свайго.
25. Даволі вучню, каб ён быў, як настаўнік ягоны, і слузе, каб ён быў, як гаспадар ягоны. Калі гаспадара дома назвалі Вэльзэвулам, дык ці ня тым болей хатніх яго?
26. Дык вось, ня бойцеся іх: бо няма нічога схаванага, што ня выкрылася б, ітаемнага, што ня было б уведана.
27. Што кажу вам у цемры, кажэце пры сьвятле; і што на вуха чуеце, прапаведуйце з дахаў.
28. І ня бойцеся тых, што забіваюць цела, але ж душы забіць ня могуць; а бойцеся болей Таго, Хто можа і душу, і цела загубіць у геене.
29. Ці ж ня дзьве маленькія птушкі прадаюцца за асарый*? І ніводная зь іх не ўпадзе на зямлю бяз волі Айца вашага;
30. а ў вас і валасы на галаве ўсе палічаны;
31. дык ня бойцеся: вы лепшыя за многіх маленькіх птушак.