Памер шрыфту
Чытаньне за 8 чэрвеня 2018:


Пасланьне да Рымлянаў 9.6-19

6. Але ня тое, каб слова Божае ня спраўдзілася. Бо ня ўсе тыя Ізраільцяне, якія ад Ізраіля,
7. і ня ўсе дзеці Абрагамавыя, якія ад семені ягонага; а (сказана): «у Ісааку назавецца табе семя».
8. Гэта значыцца, ня плоцкія дзеці - дзеці Божыя; а дзеці абяцаньня прызнаюцца за семя.
9. А слова абяцаньня такое: «у гэты самы час прыйду, а ў Сары будзе сын».
10. І не адно гэта; а гэтак сама было і з Рэбэкаю, калі яна зачала ў адзін час двух сыноў ад Ісаака, бацькі нашага;
11. бо калі яны яшчэ не нарадзіліся і не зрабілі нічога добрага альбо благога (каб у пастанове Бог быў вольны выбіраць
12. залежна не ад учынкаў, а ад Таго, Хто кліча), - сказана было ёй: «большы будзе ў паслужэньні ў меншага»,
13. як і напісана: «Якава Я палюбіў, а Ісава зьненавідзеў».
14. Што ж скажам? Няўжо несправядлівасьць у Бога? Зусім не!
15. Бо Ён кажа Майсею: «каго мілаваць, памілую; каго шкадаваць, пашкадую».
16. Дык вось, памілаваньне залежыць не ад таго, хто хоча і імкнецца, а ад Бога, Які мілуе.
17. Бо Пісаньне кажа фараону: «На тое Я і паставіў цябе, каб паказаць над табою сілу Маю, і каб прапаведана было імя Маё па ўсёй зямлі».
18. Дык вось, каго хоча, мілуе; а каго хоча, робіць жорсткім.
19. Ты скажаш мне: за што ж яшчэ дакарае? Бо хто ўсупрацівіцца волі Ягонай?

Евангельле паводле Мацьвея 10.32-36,11.1

32. Дык вось, кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, таго вызнаю і Я перад Айцом Маім, Які ёсьць у нябёсах;
33. а хто зрачэцца Мяне перад людзьмі, таго зракуся і Я перад Айцом Маім, Які ёсьць у нябёсах.
34. Ня думайце, што Я прыйшоў прынесьці мір на зямлю; ня мір прыйшоў Я прынесьці, а меч;
35. бо Я прыйшоў падзяліць чалавека з бацькам ягоным, і дачку з маці яе, і нявестку са сьвякрухай яе.
36. І ворагі чалавеку - хатнія ягоныя.
[...]
1. І сталася, калі закончыў Ісус настаўленьні дванаццаці вучням Сваім, перайшоў адтуль вучыць і прапаведаваць у гарадах іхніх.