Памер шрыфту
Чытаньне за 10 чэрвеня 2018:


Евангельле паводле Марка 16.9-20

9. Уваскрэснуўшы рана ў першы дзень тыдня, Ісус зьявіўся спачатку Марыі Магдаліне, зь якое быў выгнаў сем дэманаў.
10. Яна пайшла і абвясьціла тым, што былі зь Ім, што плакалі і галасілі;
11. але яны, пачуўшы, што Ён жывы, і яна бачыла Яго, - не паверылі.
12. Пасьля гэтага зьявіўся ў іншым вобразе двум зь іх на дарозе, калі яны ішлі ў селішча.
13. І тыя, вярнуўшыся, абвясьцілі астатнім; але і ім не паверылі.
14. Нарэшце зьявіўся самім адзінаццацём, калі яны ўзьляжалі на вячэры, і дакараў іх за няверства і жорсткасьць сэрца, што не паверылі тым, якія бачылі Яго ўваскрэслага.
15. І сказаў ім: ідзеце па ўсім сьвеце і абвяшчайце Дабравесьце ўсяму стварэньню.
16. Хто будзе верыць і хрысьціцца, выратаваны будзе; а хто ня будзе верыць, асуджаны будзе.
17. Тым, што ўверуюць, дадзены будуць гэтыя азнакі: імем Маім будуць выганяць нячыстых, будуць гаварыць новымі мовамі;
18. будуць браць зьмей; і калі што сьмертагубнае вып'юць, не зашкодзіць ім; ускладуць рукі на хворых, і яны будуць здаровыя.
19. І так Гасподзь, пасьля гутаркі зь імі, узьнёсься на неба і сеў праваруч Бога.
20. А яны пайшлі і прапаведавалі ўсюды, пры Гасподнім садзеяньні і падмацаваньні слова наступнымі азнакамі. Амін.

Пасланьне да Рымлянаў 5.1-10

1. Дык вось, апраўдаўшыся вераю, мы маем мір з Богам праз Госпада нашага Ісуса Хрыста,
2. празь Якога вераю і атрымалі мы доступ да той мілаты, у якой стаім і хвалімся надзеяю на славу Божую.
3. І ня гэтым толькі, але хвалімся і жальбамі, ведаючы, што ад жальбы ідзе цярплівасьць,
4. ад цярплівасьці дасьведчанасьць, ад дасьведчанасьці надзея,
5. а надзея не ганьбуе, бо любоў Божая вылілася ў сэрцы нашыя Духам Сьвятым, Які дадзены нам.
6. Бо Хрыстос, калі яшчэ мы былі нямоглыя, ва ўстаноўлены час памёр за бязбожнікаў.
7. Бо наўрад ці хто памрэ за праведніка; хіба што за дабрачынца, магчыма, хто і адважыцца памерці.
8. А Бог Сваю любоў даказвае нам тым, што, калі мы былі яшчэ грэшнікі, Хрыстос памёр за нас.
9. Таму тым болей цяпер, калі мы апраўданыя Крывёю Ягонаю, ратуемся Ім ад гневу.
10. Бо калі мы, будучы ворагамі, прымірыліся з Богам сьмерцю Сына Ягонага, дык тым болей, прымірыўшыся, уратуемся жыцьцём Ягоным;

Евангельле паводле Мацьвея 6.22-33

22. Сьвяцільня целу ёсьць вока. Дык вось, калі вока тваё будзе чыстае, дык усё цела тваё сьветлае будзе;
23. калі ж вока тваё будзе ліхое, дык усё цела тваё цёмнае будзе. І вось, калі сьвятло, якое ў табе, - цемра, дык якая ж цемра?
24. Ніхто ня можа служыць двум гаспадарам: бо альбо аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць; альбо аднаго пачне трымацца, а другім будзе пагарджаць. Ня можаце служыць Богу і мамоне*.
25. Таму кажу вам: ня турбуйцеся дзеля душы вашае, што вам есьці і што піць, ні дзеля цела вашага, у што апрануцца. Ці ж душа ня большая за ежу, і цела - за вопратку?
26. Зірнеце на птушак нябесных: яны ні сеюць, ні жнуць, ні зьбіраюць у засекі; і Айцец ваш Нябесны корміць іх. Ці ж вы не намнога лепшыя за іх?
27. Ды і хто з вас, турбуючыся, можа дадаць сабе росту хоць адзін локаць?
28. І пра вопратку што турбуецеся? Паглядзеце на лілеі польныя, як яны растуць: не працуюць, ні прадуць;
29. але кажу вам, што і Саламон ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як кожная зь іх;
30. калі ж траву польную, якая сёньня ёсьць, а заўтра будзе кінута ў печ, Бог так апранае, наколькі ж болей вас, малаверы!
31. Дык вось, ня турбуйцеся і не кажэце: «што нам есьці?» альбо: «што піць?» альбо: «у што апрануцца?».
32. Бо ўсяго гэтага шукаюць язычнікі; ведае бо Айцец ваш Нябесны, што вы маеце патрэбу ва ўсім гэтым.
33. Шукайце ж найперш Царства Божага і праведнасьці Ягонай, і гэта ўсё дадасца вам.