Памер шрыфту
Чытаньне за 12 чэрвеня 2018:


Пасланьне да Рымлянаў 10.11-11.2

11. Бо Пісаньне кажа: «кожны, хто верыць у Яго, не пасаромлены будзе».
12. Тут няма розьніцы паміж Юдэем і Элінам, бо адзін Гасподзь ва ўсіх, шчодры да ўсіх, хто Яго заклікае.
13. Бо «кожны, хто пакліча імя Госпада, уратуецца».
14. Але як паклікаць Таго, у Каго ня ўверавалі? як верыць у Таго, пра Каго ня чулі? як пачуць без прапаведніка?
15. І як прапаведаваць, калі ня будзе пасланых? як напісана: «якія прыгожыя ногі ў вястуноў міру, вястуноў добрай весткі!»
16. Але ня ўсе паслухаліся зьвеставаньня. Бо Ісая кажа: «Госпадзе! хто паверыў пачутаму ад нас?»
17. Такім чынам, вера ад слуханьня, а слуханьне - ад слова Божага.
18. Але пытаюся: хіба яны ня чулі? Наадварот, «па ўсёй зямлі прайшоў голас іхні, і да межаў сусьвету іхнія словы».
19. Яшчэ пытаюся: хіба Ізраіль ня ведаў? Першы кажа Майсей: «Я ўзбуджу ў вас рупнасьць не народам, раздражню вас народам бязглуздым».
20. А Ісая сьмела маўляе: «Мяне знайшлі тыя, хто ня шукаў Мяне, Я адкрыўся тым, хто ня пытаўся пра Мяне».
21. А пра Ізраіля кажа: «цэлы дзень Я працягваў рукі Мае да люду няслухмянага і ўпарцістага».
1. Дык вось пытаюся: няўжо Бог адкінуў народ Свой? Зусім не. Бо і я Ізраільцянін, ад семені Абрагамавага, з роду Веньямінавага.
2. Не адкінуў Бог народу Свайго, які Ён наперад ведаў. Хіба ня ведаеце, што кажа Пісаньне пра Ільлю? Як ён скардзіцца Богу на Ізраіля, кажучы:

Евангельле паводле Мацьвея 11.16-20

16. Да каго ж прыпадобню род гэты? Падобны ён да дзяцей, якія сядзяць на рынку і, зьвяртаючыся да сваіх сяброў,
17. кажуць: «мы гралі вам на жалейцы, а вы не скакалі; мы сьпявалі вам песьні журботныя, а вы не галасілі».
18. Бо прыйшоў Ян, ня есьць, ня п'е; і кажуць: «у ім дэман».
19. Прыйшоў Сын Чалавечы, есьць і п'е; і кажуць: «вось, чалавек, які любіць есьці і піць віно, прыяцель мытнікаў і грэшнікаў». І апраўдана мудрасьць дзецьмі яе.
20. Тады пачаў Ён дакараць гарады, у якіх найбольш праявіліся сілы Яго, бо яны не пакаяліся.