Памер шрыфту
Чытаньне за 16 чэрвеня 2018:


Пасланьне да Рымлянаў 6.11-17

11. Гэтак сама і вы лічэце сябе мёртвымі для грэху, а жывымі дзеля Бога ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым.
12. Дык вось, хай не пануе грэх у сьмяротным вашым целе, каб вам слухацца яго ў пажадах ягоных;
13. і не аддавайце чэлесаў вашых грэху як прыладу няправеднасьці, а аддайце сябе Богу як паўсталых зь мёртвых, і чэлесы вашыя Богу як прылады праведнасьці.
14. Грэх не павінен над вамі валадарыць, бо вы не пад законам, а пад мілатою.
15. Што ж? ці будзем грашыць таму, што мы не пад законам, а пад мілатою? Зусім не!
16. Няўжо вы ня ведаеце, што, каму вы аддаяце сябе ў рабы на паслушэнства, таго вы і рабы, каго слухаецеся, альбо рабы грэху сьмерці, альбо паслушэнства на праведнасьць?
17. Дзякаваць Богу, што вы, якія раней былі рабамі грэху, ад сэрца сталіся паслухмяныя таму вобразу вучэньня, якому аддалі сябе.

Евангельле паводле Мацьвея 8.14-23

14. Прыйшоўшы ў дом Пятра, Ісус убачыў цешчу ягоную, якая ляжала ў гарачцы,
15. і дакрануўся да рукі яе, і пакінула яе гарачка; і ўстала яна і слугавала ім.
16. Калі ж зьвечарэла, прывялі да Яго многа людзей, апанаваных дэманамі: і Ён выгнаў духаў словам і ўсіх нядужых ацаліў;
17. каб збылося сказанае праз прарока Ісаю, які кажа: «Ён узяў на Сябе нашы немачы, і хваробы панёс».
18. Калі ж Ісус убачыў вакол Сябе мноства люду, загадаў вучням адплысьці на той бок.
19. І адзін кніжнік, падышоўшы, сказаў Яму: Настаўнік! я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў.
20. І кажа яму Ісус: лісы маюць норы, і птушкі нябесныя гнёзды; а Сын Чалавечы ня мае, дзе прыхіліць галаву.
21. А другі, з вучняў, сказаў Яму: Госпадзе, дазволь мне сьпярша пайсьці і пахаваць майго бацьку.
22. Але Ісус сказаў яму: ідзі за Мною, і пакінь мёртвым хаваць сваіх памерлых.
23. І калі ўвайшоў Ён у лодку, увайшлі за Ім вучні Ягоныя.