Памер шрыфту
Чытаньне за 17 чэрвеня 2018:


Евангельле паводле Лукаша 24.1-12

1. А ў першы дзень тыдня, вельмі рана, нясучы прыгатаваныя пахошчы, прыйшлі яны да магілы, і разам зь імі некаторыя іншыя;
2. але знайшлі камень адвалены ад магілы,
3. і ўвайшоўшы, не знайшлі Цела Госпада Ісуса.
4. Калі ж яны зьнедаўмяваліся з гэтага, раптам паўсталі перад імі два мужы ўстроях бліскучых.
5. І калі яны былі ў страху і схілілі абліччы свае да зямлі, - сказалі ім: што вы шукаеце жывога сярод мёртвых?
6. Яго няма тут: Ён уваскрэс; успомніце, як Ён казаў вам, калі быў яшчэ ў Галілеі,
7. кажучы, што Сын Чалавечы мае быць аддадзены ў рукі людзям грэшным, і быць укрыжаваным, і на трэйці дзень уваскрэснуць.
8. І ўзгадалі яны словы Ягоныя
9. і, вярнуўшыся ад магілы, абвясьцілі ўсё гэта адзінаццацём і ўсім астатнім.
10. То была Магдаліна Марыя, і Яна, і Марыя, маці Якава, і іншыя зь імі, якія сказалі пра гэта Апосталам.
11. І здаліся ім словы іхнія пустымі, і не паверылі ім.
12. Але Пётр, устаўшы, пабег да магілы і, нахіліўшыся, убачыў толькі, што ляжаць палатніны, і пайшоў назад, сам сабе дзівуючы з таго, што сталася.

Пасланьне да Рымлянаў 6.18-23

18. А вызваліўшыся ад грэху, вы зрабіліся рабамі праведнасьці.
19. Кажу паводле развагі людзкое, дзеля немачы плоці вашай. Як прадавалі вы чэлесы вашыя ў рабы нячыстасьці і беззаконьню на дзеі беззаконныя, так зараз аддайце чэлесы вашыя ў рабы праведнасьці на дзеі сьвятыя.
20. Бо, калі вы былі рабамі грэху, тады былі вольныя ад праведнасьці.
21. Які ж плён мы мелі тады? такія дзеі, якіх сёньня самі саромеецеся, бо канец іхні - сьмерць.
22. А сёньня, калі вы вызваліліся з грэху і сталіся рабамі Богу, плён ваш ёсьць сьвятасьць, а канец - жыцьцё вечнае.
23. Бо расплата за грэх - сьмерць, а дар Божы - жыцьцё вечнае ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым.

Евангельле паводле Мацьвея 8.5-13

5. Калі ж увайшоў Ісус у Капернаум, падышоў да Яго сотнік і папрасіў у Яго:
6. Госпадзе! слуга мой ляжыць дома ў паралічы і моцна пакутуе,
7. Ісус кажа яму: Я прыйду і ацалю яго.
8. А сотнік сказаў Яму ў адказ: Госпадзе! я ня варты, каб Ты ўвайшоў пад мой дах; але скажы толькі слова, і выздаравее слуга мой;
9. бо і я чалавек падуладны; і, маючы ў сябе ў падначаленьні вояў, кажу аднаму: «ідзі», і прыходзіць; і слузе майму: «зрабі тое», і робіць.
10. Пачуўшы гэта, Ісус зьдзівіўся і сказаў тым, што ішлі за Ім: праўду кажу вам: і ў Ізраілі не знайшоў Я такое веры.
11. Кажу ж вам, што многія з усходу і з захаду прыйдуць і ўзьлягуць з Абрагамам, Ісаакам і Якавам у Царстве Нябесным;
12. а сыны царства будуць выкінуты ў цемру вонкавую, там будзе плач і скрыгат зубоў.
13. І сказаў Ісус сотніку: ідзі, і, як ты вераваў, хай будзе табе. І выздаравеў слуга ягоны ў тую ж гадзіну.