Памер шрыфту
Чытаньне за 19 чэрвеня 2018:


Пасланьне да Рымлянаў 14.9-18

9. Бо Хрыстос дзеля таго і памёр і ажыў, каб уладарыць і над мёртвымі і над жывымі.
10. А ты чаго асуджаеш брата твайго? Альбо і ты, чаго прыніжаеш брата твайго? Усе мы паўстанем на суд Хрыстовы.
11. Бо напісана: «жыву Я, кажа Гасподзь: перада Мною схіліцца кожны род, і кожнае племя будзе вызнаваць Бога».
12. Так, кожны з нас за сябе адкажа перад Богам.
13. Ня будзем жа болей судзіць адно аднаго, а лепей памяркуйце пра тое, як бы не даваць нагоды спатыкнуцца альбо спакусіцца.
14. Я ведаю і ўпэўнены ў Госпадзе Ісусе, што няма нічога ў самім сабе нячыстага; яно нячыстае толькі ў таго, хто што-небудзь лічыць нячыстым.
15. Калі ж за ежу засмучаецца брат твой, дык ты ўжо ня ў любові ходзіш; ня губі тваёю страваю таго, за каго Хрыстос памёр.
16. Хай ня зганіцца ваша добрае.
17. Бо Царства Божае ня ежа і ня пітво, а праведнасьць і мір і радасьць у Сьвятым Духу.
18. Хто гэтым служыць Хрысту, той богаспадобны і варты ўхвалы людзкое.

Евангельле паводле Мацьвея 12.14-16, 22-30

14. А фарысэі выйшлі і раду мелі супраць Яго, як бы загубіць Яго. Але Ісус, даведаўшыся, пайшоў адтуль.
15. І пайшло за Ім сьледам багата людзей, і Ён ацаліў іх усіх
16. і забараніў ім расказваць пра Яго:
[...]
22. Тады прывялі да Яго апанаванага дэманам сьляпога і нямога; і ацаліў яго, так што сьляпы і нямы пачаў гаварыць і бачыць.
23. І зьдзіўляўся ўвесь люд і казаў: ці ня гэта Хрыстос, Сын Давідаў?
24. А фарысэі, пачуўшы гэта, сказалі: Ён выганяў дэманаў няйначай, як Вэльзэвулам, князем дэманскім.
25. Але Ісус, ведаючы помыслы іхнія, сказаў ім: усякае царства, якое разьдзялілася самое ў сабе, запусьцее; і ўсякі горад альбо дом, які разьдзяліўся сам у сабе, ня ўстоіць.
26. І калі сатана сатану выганяе, дык ён разьдзяліўся сам у сабе, як жа ўстоіць царства ягонае?
27. І калі Я Вэльзэвулам выганяю дэманаў, дык сыны вашыя кім выганяюць? Таму яны вам судзьдзямі будуць.
28. Калі ж Я Духам Божым выганяю дэманаў, то дайшло да вас Царства Божае.
29. Альбо, як можа хто ўвайсьці ў дом дужага і рэчы яго зрабаваць, калі сьпярша ня зьвяжа дужага і тады дом яго зрабуе?
30. Хто не са Мною, той супраць Мяне; і хто ня зьбірае са Мною, той раскідае.