Памер шрыфту
Чытаньне за 24 красавіка 2017:


Дзеі Апосталаў 3.19-26

19. Дык пакайцеся і навярнецеся, каб загладзіліся грахі вашыя,
20. хай прыйдуць часіны лагоды ад аблічча Гасподняга, і хай пашле Ён наканаванага вам Ісуса Хрыста,
21. Якога неба павінна было прыняць да часу зьдзяйсьненьня ўсяго, што казаў Бог вуснамі ўсіх сьвятых Сваіх прарокаў ад веку.
22. Майсей сказаў бацькам: «Гасподзь Бог ваш паставіць вам з братоў вашых Прарока, як мяне; слухайцеся Яго ва ўсім, што Ён ні будзе казаць вам;
23. і будзе, што кожная душа, якая не паслухаецца Прарока Таго, зьнішчыцца знароду».
24. І ўсе прарокі ад Самуіла і пасьля яго, колькі іх ні вяшчалі, таксама абвясьцілі наперад дні гэтыя.
25. Вы сыны прарокаў і запавету, які запавядаў Бог бацькам вашым, кажучы Абрагаму: «і ў семені тваім дабраславяцца ўсе плямёны зямныя».
26. Бог, уваскрэсіўшы Сына Свайго Ісуса, да вас першых паслаў Яго дабраславіць вас, адхіляючы кожнага з вас ад ліхіх дзеяў вашых.

Евангельле паводле Яна 2.1-11

1. На трэйці дзень было вясельле ў Кане Галілейскай, і Маці Ісусава была там.
2. Быў таксама запрошаны Ісус і вучні Ягоныя на вясельле.
3. І як нехапала віна, дык Маці Ісусава кажа Яму: віна няма ў іх.
4. Ісус кажа Ёй: што Мне і Табе, жанчына? яшчэ ня прыйшла гадзіна Мая.
5. Маці Ягоная сказала слугам: што скажа Ён вам, тое і зрабеце.
6. А было там шэсьць каменных посудаў на ваду, якія стаялі паводле звычаю ачышчэньня Юдэйскага, умяшчаючы ў сябе па дзьве ці па тры меры.
7. Ісус кажа ім: напоўніце посуды вадою. І напоўнілі іх па бераг.
8. І кажа ім: цяпер чэрпайце і нясеце да распарадчыка вясельля. І панесьлі.
9. А калі распарадчык скаштаваў вады, якая зрабілася віном, - а ён ня ведаў, адкуль гэтае віно, ведалі толькі слугі, якія чэрпалі ваду, - тады распарадчык кліча маладога
10. і кажа яму: кожны чалавек падае спачатку добрае віно, а калі паўпіваюцца, тады горшае; а ты добрае віно зьбярог дагэтуль.
11. Так заклаў Ісус пачатак цудаў у Кане Галілейскай і зьявіў славу Сваю; і ўверавалі ў Яго вучні Ягоныя.