Памер шрыфту
Чытаньне за 21 чэрвеня 2018:


Пасланьне да Рымлянаў 15.17-29

17. І вось, я магу пахваліцца ў Ісусе Хрысьце тым, што ідзе ад Бога;
18. бо не адважуся сказаць што-небудзь такое, чаго ня ўчыніў Хрыстос празь мяне, у скарэньні язычнікаў у веру, словам і ўчынкам,
19. сілаю азнакаў і цудаў, сілаю Духа Божага, так што зьвеставаньне Хрыстовае пашырана мною ад Ерусаліма і навакольляў да Ілірыка.
20. Пры тым я стараўся зьвеставаць ня там, дзе ўжо было вядомае імя Хрыстовае, каб не будаваць на чужым падмурку,
21. а як напісана: «каму пра Яго не абвяшчалася, убачаць, і тыя, што ня чулі, уведаюць».
22. Якраз гэта шмат разоў перашкаджала мне прыйсьці да вас.
23. А сёньня, ня маючы такое справы ў гэтых краінах, а з даўніх гадоў жадаючы прыйсьці да вас,
24. як толькі выпраўлюся ў Іспанію, прыйду да вас. Бо спадзяюся, што, праходзячы, пабачуся з вамі, і што вы праводзіце мяне туды, як толькі нацешуся лучнасьцю з вамі, хоць трохі.
25. А цяпер я іду ў Ерусалім, каб паслужыць сьвятым;
26. бо Македонія і Ахая рупяцца нешта ўдзяліць бедным сярод сьвятых у Ерусаліме.
27. Рупяцца, ды і вінаватыя яны перад імі. Бо, калі язычнікі зрабіліся ўдзельнікамі ў іх духоўным, дык павінны і ім паслужыць у цялесным.
28. Выканаўшы гэта і верна перадаўшы ім гэты плод рупнасьці, я выпраўлюся праз вашыя мясьціны ў Іспанію,
29. і ўпэўнены, што калі прыйду да вас, дык прыйду з поўным дабраславеньнем зьвеставаньня Хрыстовага.

Евангельле паводле Мацьвея 12.46-13.3

46. Калі ж Ён яшчэ прамаўляў да людзей, вось, Маці Яго і браты Яго стаялі звонку, хочучы гаварыць зь Ім.
47. І нехта сказаў Яму: вось Маці Твая і браты Твае звонку стаяць, хочучы гаварыць з Табою.
48. Ён жа ў адказ таму, хто гаварыў Яму, сказаў: хто маці Мая? і хто браты Мае?
49. І паказаўшы рукою Сваёю на вучняў Сваіх, сказаў: вось маці Мая і браты Мае;
50. бо хто будзе выконваць волю Айца Майго, Які ёсьць у нябёсах, той Мне брат, і сястра, і маці.
1. Выйшаўшы таго ж дня з дома, Ісус сеў каля мора.
2. І сабралася да Яго мноства людзей, так што Ён увайшоў у лодку і сеў; а ўвесь люд стаяў на беразе.
3. І гаварыў ім шмат прытчамі, кажучы: вось, выйшаў сейбіт сеяць.