Памер шрыфту
Сьвята за 24 чэрвеня 2018:


Евангельле паводле Лукаша 24.1-12

1. А ў першы дзень тыдня, вельмі рана, нясучы прыгатаваныя пахошчы, прыйшлі яны да магілы, і разам зь імі некаторыя іншыя;
2. але знайшлі камень адвалены ад магілы,
3. і ўвайшоўшы, не знайшлі Цела Госпада Ісуса.
4. Калі ж яны зьнедаўмяваліся з гэтага, раптам паўсталі перад імі два мужы ўстроях бліскучых.
5. І калі яны былі ў страху і схілілі абліччы свае да зямлі, - сказалі ім: што вы шукаеце жывога сярод мёртвых?
6. Яго няма тут: Ён уваскрэс; успомніце, як Ён казаў вам, калі быў яшчэ ў Галілеі,
7. кажучы, што Сын Чалавечы мае быць аддадзены ў рукі людзям грэшным, і быць укрыжаваным, і на трэйці дзень уваскрэснуць.
8. І ўзгадалі яны словы Ягоныя
9. і, вярнуўшыся ад магілы, абвясьцілі ўсё гэта адзінаццацём і ўсім астатнім.
10. То была Магдаліна Марыя, і Яна, і Марыя, маці Якава, і іншыя зь імі, якія сказалі пра гэта Апосталам.
11. І здаліся ім словы іхнія пустымі, і не паверылі ім.
12. Але Пётр, устаўшы, пабег да магілы і, нахіліўшыся, убачыў толькі, што ляжаць палатніны, і пайшоў назад, сам сабе дзівуючы з таго, што сталася.

Пасланьне да Рымлянаў 13.12-14.4

12. Ноч прайшла, а дзень наблізіўся: дык вось, адкінем дзеі цямна і апранемся ў зброю сьвятла.
13. Як удзень, будзем паводзіць сябе прыстойна: ні ў аб'ядзеньні і п'янстве, ні ў распусьце і блудзе, ні ў свары і зайздрасьці;
14. але апранецеся ў Госпада (нашага) Ісуса Хрыста, і клопат пра цела не ператварайце ў пахаценьні.
1. Нямоглага ў веры прымайце бяз спрэчкі пра погляды ягоныя.
2. Бо адзін ўпэўнены, што можна есьці ўсё, а нямоглы есьць гародніну.
3. Хто есьць, не прыніжай таго, хто ня есьць; і хто ня есьць, не асуджай таго, хто есьць: бо Бог прыняў яго.
4. Хто ты, што асуджаеш чужога раба? Перад сваім гаспадаром стаіць ён ці падае; і будзе пастаўлены, бо моцны Бог, каб паставіць яго.

Евангельле паводле Лукаша 1.5-25, 57-68, 76, 80

5. У дні Ірада, цара Юдэйскага, быў сьвятар з Авіевай чаргі, імем Захар, і жонка ягоная з роду Ааронавага, імя ейнае Елісавета.
6. Абое яны былі праведныя перад Богам, жывучы паводле ўсіх запаведзяў і ўстанаўленьняў Гасподніх беспахібна.
7. У іх ня было дзяцей, бо Елісавета была няплодная, і абое былі ўжо ў сталым веку.
8. Аднаго разу, калі ён у парадку сваёй чаргі служыў перад Богам,
9. па жэрабі, як заведзена было ў сьвятароў, прыпала яму ўвайсьці ў храм Гасподні кадзіць,
10. а ўсё мноства людзей малілася звонку ў часе каджэньня, -
11. тады зьявіўся яму анёл Гасподні, стоячы па правы бок да ахвярніка кадзільнага,
12. і Захар, убачыўшы яго, сумеўся, і страх агарнуў яго.
13. Анёл жа сказаў яму: ня бойся, Захар, бо пачута малітва твая, і жонка твая ілізабета народзіць табе сына, і дасі яму імя Ян;
14. і будзе табе радасьць і весялосьць, і многія нараджэньню ягонаму ўзрадуюцца;
15. бо ён вялікі будзе перад Госпадам; ня будзе піць віна і сікеру, і Духам Сьвятым прасякнецца яшчэ ад улоньня маці сваёй;
16. і многіх з-паміж сыноў Ізраілевых наверне да Госпада Бога іхняга;
17. і пройдзе перад імі ў духу і ў сіле Ільлі, каб вярнуць сэрцы бацькоў дзецям, і непакорлівым лад думак праведнікаў, каб зьявіць Госпаду народ падрыхтаваны.
18. І сказаў Захар анёлу: па чым я пазнаю гэта? бо я стары, і жонка мая ў сталым веку.
19. Анёл сказаў яму ў адказ: я Гаўрыіл, стаю перад Богам, і пасланы гаварыць з табою і паведаміць табе гэта;
20. і вось ты будзеш маўчаць і ня зможаш гаварыць да таго дня, калі гэта збудзецца, за тое, што ты не паверыў словам маім, якія спраўдзяцца ў свой час.
21. Тым часам люд чакаў Захара і зьдзіўляўся, што ён марудзіў у храме.
22. А ён, выйшаўшы, ня мог гаварыць да іх; і яны зразумелі, што ён бачыў уяву ў храме; і ён рабіў ім знакі і заставаўся нямы.
23. А як скончыліся дні службы ягонай, вярнуўся ў дом свой.
24. Пасьля гэтых дзён зачала Елісавета, жонка ягоная, і таілася пяць месяцаў, і казала:
25. так учыніў мне Гасподзь у дні тыя, калі паглядзеў на мяне, каб зьняць зь мяне ганьбу сярод людзей.
[...]
57. А ілізабэце прысьпеў час радзіць, і яна нарадзіла сына.
58. І пачулі суседзі і родзічы ейныя, што прасьцёр Гасподзь ласку Сваю над ёю, і радаваліся зь ёю.
59. На восьмы дзень прыйшлі абрэзаць дзіця, і хацелі назваць яго імем бацькі ягонага, Захарам.
60. На гэта маці ягоная сказала: не; а назваць яго Янам.
61. І сказалі ёй: нікога няма ў радзіне тваёй, хто б называўся гэтым імем.
62. І пыталіся знакамі ў бацькі ягонага, як бы ён хацеў назваць яго.
63. Ён папрасіў дошчачку і напісаў: Ян імя яму. І ўсе зьдзівіліся.
64. І адразу разамкнуліся вусны ягоныя і язык ягоны, і ён загаварыў, славячы Бога.
65. І быў страх на ўсіх, што жылі вакол іх; і расказвалі пра ўсё гэта па ўсёй нагорнай краіне Юдэйскай.
66. Усе, хто чуў, паклалі гэта ў сэрца сваё і казалі: што будзе зь дзіцятка гэтага? І рука Гасподняя была зь ім.
67. І Захар, бацька Ягоны, напоўніўся Духам Сьвятым і прарочыў, кажучы:
68. Дабраславёны Гасподзь Бог Ізраілеў, што наведаў народ Свой і даў ратунак яму,
[...]
76. А ты, дзіця, назавешся прарокам Усявышняга, бо ідзеш перад абліччам Госпада - падрыхтаваць шляхі Яму,
[...]
80. А дзіця расло і мацавалася духам, і заставалася ў пустынях да дня зьяўленьня свайго Ізраілю.