Памер шрыфту
Чытаньне за 26 чэрвеня 2018:


1-е пасланьне да Карынцянаў 1.1-9

1. Павал, воляй Божаю пакліканы апостал Ісуса Хрыста, і Сасфэн брат,
2. Царкве Божай, якая ў Карынфе, асьвечаным у Хрысьце Ісусе, пакліканым сьвятым, з усімі, хто заклікае імя Госпада нашага Ісуса Хрыста, у кожным месцы, у іх і ў нас:
3. мілата вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
4. Не перастаю дзякаваць Богу майму за вас, дзеля мілаты Божай, дадзенай вам у Хрысьце Ісусе.
5. Бо ў Ім вы ўзбагаціліся ўсім, усякім словам і ўсякім разуменьнем,
6. бо сьведчаньне Хрыстовае сьцьвердзілася ў вас,
7. так што вы ня маеце нястачы ні ў якім дараваньні, чакаючы зьяўленьня Госпада нашага Ісуса Хрыста,
8. Які і ўмацуе вас да канца, каб вам быць бязьвіннымі ў дзень Госпада нашага Ісуса Хрыста.
9. Верны Бог, Якім вы пакліканыя да супольнасьці з Сынам Ягоным, Ісусам Хрыстом, Госпадам нашым.

Евангельле паводле Мацьвея 13.24-30

24. Другую прытчу прапанаваў Ён ім, кажучы: Царства Нябеснае падобнае на чалавека, які пасеяў добрае насеньне на полі сваім;
25. калі ж людзі спалі, прыйшоў вораг яго і пасеяў куколь сярод пшаніцы, і пайшоў;
26. калі ўзышла рунь і завязала плод, тады зьявіўся і куколь.
27. Прыйшоўшы, рабы гаспадара дома сказалі яму: гаспадар! ці ж ня добрае насеньне пасеяў ты на полі тваім? адкуль жа на ім куколь?
28. А ён сказаў ім: варожы чалавек гэта зрабіў. А рабы сказалі яму: хочаш, мы пойдзем, выпалем яго?
29. А ён сказаў: не, каб, выбіраючы куколь, вы не павырывалі разам зь ім і пшаніцы;
30. пакіньце расьці разам тое і другое да жніва; а ў час жніва я скажу жняцам: зьбярэце перш куколь і зьвяжэце яго ў снапы, каб спаліць яго; а пшаніцу зьбярэце ў засекі мае.