Памер шрыфту
Сьвята за 29 чэрвеня 2018:


2-е пасланьне да Карынцянаў 11.21-12.9

21. На сорам кажу, што на гэта ў нас неставала сілы; а калі хто мае адвагу хваліцца чым-небудзь, дык скажу зь неразуменьня, набяруся адвагі і я.
22. Яны Габрэі? і я. Ізраільцяне? і я. Насеньне Абрагамавае? і я.
23. Хрыстовыя слугі? у неразуменьні кажу: я больш. Я намнога больш быў у працы, бязьмерна больш у ранах, больш у цямніцах і шмат разоў пры сьмерці.
24. Ад Юдэяў пяць разоў далі мне былі па сорак удараў без аднаго.
25. тройчы мяне білі палкамі, аднойчы камянямі пабівалі, тры разы я цярпеў караблекрушэньне, ноч і дзень прабыў у бездані марской;
26. шмат разоў быў у падарожжах, у небясьпеках на рэках, у небясьпеках ад разбойнікаў, у небясьпеках ад адзінапляменцаў, у небясьпеках ад язычнікаў, у небясьпеках у горадзе, у небясьпеках у пустыні, у небясьпеках на моры, у небясьпеках сярод фальшывых братоў,
27. у працы і ў зьнемажэньні, часта ў недасыпаньні, у голадзе і смазе, часта ў посьце, на сьцюжы і ў галечы.
28. Акрамя згаданых прыгодаў, у мяне штодзень зборы людзей, клопат за ўсе цэрквы.
29. Хто зьнемагае, з кім бы і я не зьнемагаў? Хто ўпадае ў змусты, за каго б я не ўспалымняўся?
30. Калі мусова мне хваліцца, дык буду хваліцца нямогласьцю маёю.
31. Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, дабраславёны навекі, ведае, што я не маню.
32. У Дамаску абласны правіцель цара Арэты пільнаваў горад Дамаск, каб схапіць мяне; і я ў кашы быў спушчаны з вакна па сьцяне і пазьбег ягоных рук.
1. Няма карысьці хваліцца мне; бо я прыйду да відзежаў і адкрыцьцяў Гасподніх.
2. Ведаю чалавека ў Хрысьце, які чатырнаццаць гадоў таму назад, - ці ў целе, ня ведаю, ці ня ў целе, ня ведаю: Бог ведае, - захоплены быў да трэйцяга неба.
3. І ведаю пра такога чалавека, - толькі ня ведаю - у целе, ці па-за целам: Бог ведае, -
4. што ён быў узяты ў рай і чуў нявымоўныя словы, якіх чалавеку нельга пераказаць.
5. Такім чалавекам магу хваліцца; а сабою не пахвалюся, хіба што немачамі маімі.
6. Урэшце, калі захачу хваліцца, ня буду неразумны, бо скажу праўду; але я ўстрымліваюся, каб хто не падумаў пра мяне болей, чым колькі ўва мне бачыць, альбо чуе ад мяне.
7. І каб я не заганарыўся нязвычайнасьцю адкрыцьцяў, дадзена мне джала ў плоць, пасланец сатаны, тлуміць мяне, каб я не ганарыўся.
8. Тройчы маліў я Госпада за тое, каб адвёў яго ад мяне.
9. Але Гасподзь сказаў мне: «досыць табе мілаты Маёй, бо сіла Мая зьдзяйсьняецца ў немачы». І таму я найболш ахвоча буду хваліцца сваімі немачамі, каб жыла ўва мне сіла Хрыстовая.

Евангельле паводле Мацьвея 16.13-19

13. А прыйшоўшы ў межы Кесарыі Піліпавай, Ісус пытаўся ў вучняў Сваіх, кажучы: за каго людзі ўважаюць Мяне, Сына Чалавечага?
14. Яны сказалі: адны за Яна Хрысьціцеля, другія за Ільлю, а тыя за Ерамію альбо за аднаго з прарокаў.
15. Ён кажа ім: а вы за каго ўважаеце Мяне?
16. І Сымон Пётр сказаў у адказ: Ты - Хрыстос, Сын Бога Жывога.
17. І Ісус сказаў яму ў адказ: дабрашчасны ты, Сымоне, сыне Ёнаў, бо ня плоць і кроў адкрылі табе гэта, а Айцец Мой, Які ёсьць у нябёсах;
18. і Я кажу табе: ты Пётр*, і на камені гэтым Я збудую Царкву Маю, і брамы пякельныя не адолеюць яе.
19. І дам табе ключы Царства Нябеснага: і што зьвяжаш на зямлі, тое будзе зьвязана ў нябёсах; і што разьвяжаш на зямлі, тое будзе разьвязана ў нябёсах.