Памер шрыфту
Чытаньне за 25 красавіка 2017:


Дзеі Апосталаў 4.1-10

1. Калі яны прамаўлялі да людзей, да іх падступіліся сьвятары і начальнікі варты пры храме і садукеі,
2. угневаныя, што яны вучаць людзей і прапаведуюць у Ісусе ўваскрэсеньне зь мёртвых.
3. і наклалі на іх рукі і аддалі іх пад варту да раніцы; бо ўжо зьвечарэла.
4. Многія з тых, што слухалі слова, уверавалі; і было такіх людзей лікам каля пяці тысяч.
5. На другі дзень сабраліся ў Ерусаліме начальнікі іхнія і старэйшыны і кніжнікі,
6. і Анна першасьвятар і Каяфа і Ян і Аляксандр і іншыя з роду першасьвятарскага,
7. і, паставіўшы іх пасярэдзіне, пыталіся: якою сілаю альбо якім імем вы зрабілі гэта?
8. Тады Пётр, прасякнуты Духам Сьвятым, сказаў ім: начальнікі людзкія і старэйшыны Ізраільскія!
9. калі ў нас пытаюцца сёньня адказу за дабрачынства чалавеку нядужаму, як ён здаровы стаўся,
10. дык хай будзе вядома ўсім вам і ўсяму народу Ізраільскаму, што імем Ісуса Хрыста Назарэя, Якога вы ўкрыжавалі, Якога Бог уваскрэсіў зь мёртвых, Ім пастаўлены ён перад вамі здаровы:

Евангельле паводле Яна 3.16-21

16. Бо так палюбіў Бог сьвет, што аддаў Сына Свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, а меў жыцьцё вечнае.
17. Бо не паслаў Бог Сына Свайго ў сьвет, каб судзіць сьвет, а каб сьвет уратаваны быў празь Яго.
18. Хто верыць у Яго, ня судзіцца, а хто ня верыць, ужо засуджаны, бо ня ўвераваў у імя Адзінароднага Сына Божага.
19. А суд у тым, што сьвятло прыйшло ў сьвет; але людзі больш палюбілі цемру, чым сьвятло, бо ўчынкі іхнія былі ліхія.
20. Бо кожны, хто робіць ліхое, ненавідзіць сьвятло і ня ідзе да сьвятла, каб не адкрыліся ўчынкі ягоныя, бо яны ліхія;
21. а хто робіць па праўдзе, ідзе да сьвятла, каб яўныя былі ўчынкі ягоныя, бо яны ў Богу зроблены.