Памер шрыфту
Чытаньне за 30 чэрвеня 2018:


Пасланьне да Рымлянаў 9.1-5

1. Праўду кажу ў Хрысьце, ня хлушу, сьведчыць мне сумленьне маё ў Духу Сьвятым,
2. што вялікі мне смутак і няспынная болесьць сэрцу майму:
3. я хацеў бы сам быць адлучаны ад Хрыста за братоў маіх, родных мне па плоці;
4. гэта азначае, Ізраільцян, якім належаць усынаўленьне і слава, і запаветы і заканадаўства, і набажэнства і абяцаньні;
5. іхнія і бацькі, і ад іх Хрыстос па плоці, існы над ўсім Бог, дабраславёны навекі, амін.

Евангельле паводле Мацьвея 9.18-26

18. Калі Ён ім гэта казаў, вось, прыйшоў нейкі начальнік і, кланяючыся Яму, казаў: дачка мая толькі што памерла; але прыйдзі, ускладзі на яе руку Тваю, і яна будзе жыць.
19. І ўстаўшы, Ісус пайшоў за ім, і вучні Ягоныя.
20. І вось, жанчына, якая дванаццаць гадоў пакутавала ад крывацечы, падышоўшы ззаду, кранулася краю вопраткі Ягонай,
21. бо яна казала сама сабе: калі толькі дакрануся да вопраткі Ягонай, выздаравею.
22. А Ісус, абярнуўшыся і ўбачыўшы яе, сказаў: мацуйся, дачка! вера твая ўратавала цябе. І выздаравела жанчына з таго часу.
23. А як прыйшоў Ісус у начальнікаў дом і ўбачыў жалейнікаў і зьбянтэжаны люд,
24. сказаў ім: выйдзіце; бо не памерла дзяўчына, а сьпіць. І насьміхаліся зь Яго.
25. Калі ж людзі былі высланы, Ён, увайшоўшы, узяў яе за руку, і дзяўчына ўстала.
26. І разьнеслася вестка пра гэта па ўсёй зямлі той.