Памер шрыфту
Чытаньне за 1 ліпеня 2018:


Евангельле паводле Лукаша 24.36-53

36. Калі яны казалі пра гэта, Сам Ісус стаў сярод іх і сказаў ім: мір вам.
37. Яны, сумеўшыся і спалохаўшыся, падумалі, што бачаць духа;
38. але Ён сказаў ім: што бянтэжыцеся, і навошта такія думкі ўваходзяць у сэрцы вашыя?
39. Паглядзеце на рукі Мае і на ногі Мае; гэта - Я сам; дакранецеся да Мяне і разгледзьце; бо дух ня мае плоці і касьцей, як бачыце ў Мяне.
40. І сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і ногі.
41. А калі яны ад радасьці яшчэ ня верылі і дзіваваліся, Ён сказаў ім: ці ёсць у вас тут якая ежа?
42. Яны падалі Яму частку печанай рыбы і сотавага мёду.
43. І ўзяўшы, еў перад імі.
44. І сказаў ім: вось тое, пра што Я вам казаў, яшчэ калі быў з вамі, што належыць спраўдзіцца ўсяму, напісанаму пра Мяне ў законе Майсеевым і ў прароках і ў псальмах.
45. Тады адчыніў ім розум на ўразуменьне Пісаньняў
46. і сказаў ім: так напісана, і так належала адпакутаваць Хрысту і ўваскрэснуць зь мёртвых на трэйці дзень,
47. і абвешчаным быць у імя Ягонае пакаяньню і дараваньню грахоў ува ўсіх народах, пачынаючы зь Ерусаліма;
48. а вы сьведкі гэтага;
49. і я пашлю абяцанае Айцом Маім на вас; вы ж заставайцеся ў горадзе Ерусаліме, пакуль не прасякнецеся сілаю згары.
50. І вывеў іх вонкі з горада да Віфаніі і, падняўшы рукі Свае, дабраславіў іх.
51. І калі дабраславіў іх, пачаў аддаляцца ад іх і ўзносіцца на неба.
52. Яны пакланіліся яму і вярнуліся ў Ерусалім зь вялікаю радасьцю,
53. і былі заўсёды ў храме, славячы і дабраслаўляючы Бога. Амін.

Пасланьне да Рымлянаў 12.6-14

6. І як па дадзенай нам мілаце, маем розныя здольнасьці, дык, калі гэта прароцтва - прароч у згодзе зь вераю;
7. калі маеш служэньне, служы; калі настаўнік, вучы;
8. калі суцешнік, суцяшай; калі раздаеш, раздавай у шчырасьці; калі начальнік, начальнічай дбайна; калі дабрачынец - дабрачынь з прыязнасьцю.
9. Любоў хай будзе някрывадушная; цурайцеся зла, гарнецеся да дабра;
10. пяшчотна любеце адно аднаго братняю любоўю; пашанлівасьцю адно аднаго запабягайце;
11. у руплівасьці ня слабніце; духам успалымняйцеся; Госпаду служэце;
12. суцяшайцеся надзеяю, у смутку будзьце цярплівыя, у малітве трывалыя;
13. у патрэбах сьвятых бярэце ўдзел; дбайце пра гасьціннасьць да прышэльцаў;
14. дабраслаўляйце ганіцеляў вашых; дабраслаўляйце, а не праклінайце.

Евангельле паводле Мацьвея 9.1-8

1. І Ён, увайшоўшы ў лодку, пераплыў у Свой горад.
2. І вось, прынесьлі да Яго паралізаванага, пакладзенага на пасьцелі. І ўбачыўшы веру іхнюю, Ісус сказаў паралізаванаму: мацуйся, сыне! даруюцца табе грахі.
3. І вось, некаторыя кніжнікі сказалі самі сабе: Ён блюзьнерыць.
4. А Ісус, ведаючы помыслы іхнія, сказаў: навошта вы намышляеце ліхое ў сэрцах вашых?
5. бо што лягчэй сказаць: «даруюцца табе грахі», альбо сказаць: «устань і хадзі»?
6. Але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі дараваць грахі, - тады кажа паралізаванаму: устань, вазьмі пасьцель тваю і ідзі дахаты.
7. І той устаў, узяў пасьцель сваю, і пайшоў дахаты.
8. А людзі, убачыўшы гэта, дзіву даліся і праславілі Бога, Які даў такую ўладу людзям.