Памер шрыфту
Чытаньне за 2 ліпеня 2018:


1-е пасланьне да Карынцянаў 5.9-6.11

9. Я пісаў вам у пасланьні - не вадзіцца з блудадзеямі;
10. але ня ўвогуле з блудадзеямі сьвету гэтага, ці зь ліхазьдзірцамі, ці з драпежнікамі, ці з балавахваламі, бо інакш трэба было б вам выйсьці зь сьвету гэтага,
11. а пісаў я вам ня супольнічаць з тым, хто, называючыся братам, застаецца блудадзеем, ці ліхазьдзірцам, ці балвахвалам, ці ліхасловам, ці п'яніцаю, ці драпежнікам; з такім нават і ня есьці разам.
12. Бо што мне судзіць і староньніх? Ці ж не сваіх вы судзіце?
13. А староньніх судзіць Бог. Выкіньце распуснага спасярод вас.
1. Як можа каторы з вас, маючы зыскі да іншага, судзіцца перад бязбожнымі, а ня перад сьвятымі?
2. Хіба ня ведаеце, што сьвятыя будуць судзіць сьвет? А калі вы будзеце судзіць сьвет, дык ці ж вы ня вартыя судзіць менш важныя справы?
3. Хіба ня ведаеце, што мы будзем судзіць анёлаў, дык ці ня тым болей справы жыцьцёвыя?
4. А вы, калі маеце жыцьцёвыя цяжбіны, ставіце за судзьдзяў тых, хто за нішто не ўважаецца ў царкве.
5. На сорам ваш кажу: няўжо няма сярод вас ніводнага разумнага, які мог бы рассудзіць братоў сваіх?
6. Але брат з братам судзіцца, і да таго ж перад няверуючымі.
7. І тое ўжо даволі вас прыніжае, што вы маеце цяжбіны паміж сабою. Ці ня лепей было б вам заставацца ў крыўдзе? ці ня лепей было б вам цярпець нягоды?
8. Але вы самі крыўду ўчыняеце і адбіраеце, да таго ж у братоў.
9. Хіба ня ведаеце, што няправедныя Царства Божага не спадкуюць? Не ашуквайце саміх сябе: ні блудадзеі, ні балвахвалы, ні пералюбцы, ні ганебцы, ні рукаблуды, ні мужаложцы,
10. ні ліхазьдзірцы, ні зладзеі, ні п'яніцы, ні ліхасловы, ні драпежнікі - Царства Божага не спадкуюць.
11. І такімі былі некатроыя з вас, але абмыліся, але асьвяціліся, але апраўдаліся імем Госпада нашага Ісуса Хрыста і Духам Бога нашага.

Евангельле паводле Мацьвея 13.54-58

54. І прыйшоўшы на бацькаўшчыну Сваю, вучыў іх у сынагозе іхняй, так што яны зьдзіўляліся і казалі: адкуль у Яго гэтая мудрасьць і сілы?
55. ці не цесьляроў Ён Сын? ці не Ягоную Маці завуць Марыя, і браты Яго Якаў і Ёсій, і Сымон і Юда?
56. і сёстры Яго ці ня ўсе сярод нас? адкуль жа ў Яго ўсё гэта?
57. І паняверыліся ў Ім. А Ісус сказаў ім: ня бывае прарока без пашаны, хіба што толькі на бацькаўшчыне сваёй, і ў доме сваім.
58. І ня ўчыніў там многіх цудаў з-за няверства іхняга.