Памер шрыфту
Чытаньне за 3 ліпеня 2018:


1-е пасланьне да Карынцянаў 6.20-7.12

20. Бо вы куплены дарагою цаною. Таму ўслаўляйце Бога і ў целах вашых і ў душах вашых, якія - Божыя.
1. А пра што пісалі мне, дык добра чалавеку не чапаць жанчыны.
2. Але, каб унікнуць распусты, няхай кожны мае сваю жонку, і кожная жонка няхай мае свайго мужа.
3. Няхай муж аддае сваёй жонцы належную прыхільнасьць, гэтак сама і жонка мужу.
4. Жонка ня мае ўлады над сваім целам, а муж; гэтак сама і муж ня мае ўлады над сваім целам, а жонка.
5. Ня ўліхяйцеся адно ад аднаго, хіба што па згодзе, на час, каб быць у посьце і малітве, а потым зноў будзьце разам, каб не спакушаў вас сатана няўстрыманьнем вашым.
6. Урэшце, гэта сказана мною як дазвол, а ня як загад.
7. Бо хачу, каб усе людзі былі, як я; але кожны мае свой дар ад Бога, адзін - такі, другі - інакшы.
8. А няшлюбным і ўдовам кажу: добра ім, калі застаюцца, як я;
9. але калі ня могуць устрымацца, няхай бяруць шлюб, бо лепей шлюбам пабрацца, чым распаляцца.
10. А тым, што пабралі шлюб, ня я загадваю, а Гасподзь: жонцы не разводзіцца з мужам,
11. а як разьвядзецца, хай застаецца незамужняя, альбо замірыцца з мужам сваім, - а муж няхай не пакідае жонкі сваёй.
12. А астатнім я кажу, а не Гасподзь: калі каторы брат мае жонку няверніцу, і яна згодная жыць зь ім, дык ён не павінен пакідаць яе;

Евангельле паводле Мацьвея 14.1-13

1. У той час Ірад тэтрарх пачуў погалас пра Ісуса
2. і сказаў служкам сваім: гэта Ян Хрысьціцель; ён паўстаў зь мёртвых, і таму цуды ўчыняюцца ім.
3. Бо Ірад, узяўшы Яна, зьвязаў яго і пасадзіў у цямніцу празь Ірадыяду, жонку Піліпа, брата свайго;
4. таму што Ян казаў яму: нельга табе мець яе.
5. І хацеў яго забіць, але пабаяўся народу, бо яго ўважалі за прарока.
6. А ў дзень народзін Ірада, скакала дачка Ірадыяды перад усімі і дагадзіла Іраду;
7. таму ён пад прысягаю абяцаў ёй даць, чаго толькі яна ні папросіць.
8. А яна, падбухтораная маці сваёю, сказала: дай мне тут у місе галаву Яна Хрысьціцеля.
9. І засмуціўся цар; але дзеля прысягі і тых, што ўзьляжалі зь ім, загадаў даць ёй,
10. і паслаў адцяць Яну галаву ў цямніцы.
11. І прынесьлі галаву яго ў місе, і далі дзяўчыне; а яна занесла маці сваёй.
12. А вучні яго, прыйшоўшы, узялі яго цела і пахавалі яго;
13. І пачуўшы, адплыў Ісус адтуль на лодцы ў пустэльнае месца адзін; а люд, пачуўшы пра тое, пайшоў за Ім з гарадоў пяшком.