Памер шрыфту
Чытаньне за 4 ліпеня 2018:


1-е пасланьне да Карынцянаў 7.12-24

12. А астатнім я кажу, а не Гасподзь: калі каторы брат мае жонку няверніцу, і яна згодная жыць зь ім, дык ён не павінен пакідаць яе;
13. і жонка, якая мае мужа няверніка, і ён згодзен жыць зь ёю, не павінна пакідаць яго.
14. Бо няверуючы муж асьвячаецца жонкаю (верніцай), і жонка няверуючая асьвячаецца мужам (вернікам); інакш дзеці вашыя былі б нячыстыя, а цяпер сьвятыя.
15. Калі ж нявернік хоча разьвесьціся, хай разводзіцца; брат або сястра ў такім разе ня зьвязаныя; да міру заклікаў нас Гасподзь.
16. Адкуль ты ведаеш, жонка, ці ня выратуеш мужа? Альбо ты, муж, адкуль ведаеш, ці ня выратуеш жонкі?
17. Толькі кожны няхай робіць так, як Бог яму вызначыў, і кожны, як Гасподзь заклікаў; так я наказваю па ўсіх цэрквах.
18. Хто быў закліканы ў абразаньні, ня цурайся; і хто быў закліканы ў неабразаньні, не абрэзвайся.
19. Абразаньне нішто і неабразаньне нішто, а ўсё - у выкананьні наказаў Божых.
20. Кожны няхай застаецца ў тым стане, у якім пакліканы.
21. Ці рабом ты пакліканы, ня турбуйся; але калі і можаш стацца вольным, дык лепшым скарыстайся.
22. Бо раб, пакліканы ў Госпадзе, ёсьць вольнік Гасподні; гэтак сама і пакліканы вольнік ёсьць раб Хрыстовы.
23. Вы куплены дарагою цаною; не рабецеся рабамі людзей.
24. У якім стане хто пакліканы, браты, у тым кожны няхай і застаецца перад Богам.

Евангельле паводле Мацьвея 14.35-15.11

35. І, пазнаўшы Яго, жыхары той мясьціны паслалі ва ўсё навакольле тое і прынесьлі да Яго ўсіх хворых,
36. і прасілі Яго, каб толькі дакрануцца да краю адзеньня Ягонага; і каторыя дакраналіся, ацаляліся.
1. Тады прыходзяць да Ісуса Ерусалімскія кніжнікі і фарысэі і кажуць:
2. навошта вучні Твае парушаюць звычай старцаў? бо ня ўмываюць рук сваіх, калі ядуць хлеб.
3. А Ён сказаў ім у адказ: навошта і вы парушаеце запаведзь Божую дзеля звычаю вашага?
4. Бо Бог запаведаў, сказаўшы: шануй бацьку і маці; і: хто ліхасловіць бацьку альбо маці, сьмерцю хай памрэ.
5. А вы кажаце: калі хто скажа бацьку альбо маці: «дар Богу - тое, чым бы ты ад мяне карыстаўся»,
6. той можа і не ўшанаваць бацьку альбо маці сваю; такім чынам вы скасавалі запаведзь Божую дзеля звычаю вашага.
7. Крывадушнікі! добра прарочыў пра вас Ісая, кажучы:
8. «Набліжаюцца да Мяне людзі гэтыя вуснамі сваімі і шануюць Мяне языком; а сэрца іхняе далёка адлягае ад Мяне;
9. але марна шануюць Мяне, навучаючы вучэньням, запаведзям чалавечым».
10. І паклікаўшы люд, сказаў яму: слухайце і разумейце:
11. ня тое, што ўваходзіць у вусны, апаганьвае чалавека; а што выходзіць з вуснаў, тое апаганьвае чалавека.