Памер шрыфту
Чытаньне за 5 ліпеня 2018:


1-е пасланьне да Карынцянаў 7.24-35

24. У якім стане хто пакліканы, браты, у тым кожны няхай і застаецца перад Богам.
25. Што да дзявоцтва, дык я ня маю наказу Гасподняга, а даю параду, як той, хто атрымаў ад Госпада міласьць быць Яму верным.
26. Дзеля цяперашняй патрэбы лічу за лепшае, што добра чалавеку заставацца так.
27. Ці зьвязаны ты з жонакаю? ня шукай разводу. Ці застаўся бяз жонкі? ня шукай жонкі.
28. Урэшце, калі і ажэнішся, ня згрэшыш; і калі дзяўчына выйдзе замуж, ня згрэшыць. Але такія зазнаюць цялеснага гора, а мне вас шкада.
29. Я вам кажу, браты: час ужо кароткі, так што тыя, што маюць жонак, хай жывуць, як бы ня мелі,
30. і тыя, што плачуць, як бы ня плакалі; і тыя, што радуюцца, як бы ня радаваліся: і тыя, што купляюць, як бы не набывалі;
31. і тыя, што карыстаюцца сьветам гэтым, як бы не карысталіся; бо мінаецца вобраз сьвету гэтага.
32. А я хачу, каб вы ня мелі клопату. Нежанаты клапоціцца пра Гасподняе, як дагадзіць Госпаду;
33. а жанаты клапоціцца пра зямное, як дагадзіць жонцы. Ёсьць розьніца паміж замужняю і дзяўчынаю:
34. незамужняя клапоціцца пра Гасподняе, як дагадзіць Госпаду, каб быць сьвятою і целам і духам; а замужняя клапоціцца пра зямное, як дагадзіць мужу.
35. Кажу гэта на вашую ж карысьць, не на тое, каб накласьці на вас путы, а каб вы годна і няспынна служылі Госпаду сур'ёзна.

Евангельле паводле Мацьвея 15.12-21

12. Тады вучні Ягоныя, прыступіўшы, сказалі Яму: ці ведаеш, што фарысэі, пачуўшы слова гэтае, запаняверыліся?
13. А Ён сказаў у адказ: усякая расьліна, якую не Айцец Мой Нябесны пасадзіў, выкараніцца,
14. пакіньце іх: яны - сьляпыя павадыры сьляпых; а калі сьляпы сьляпога вядзе, дык абодва ў яму ўпадуць.
15. А Пётр сказаў Яму ў адказ: растлумач нам прытчу гэтую.
16. Ісус сказаў: няўжо і вы яшчэ ня маеце разуменьня?
17. ці яшчэ не разумееце, што ўсё, што ўваходзіць у вусны, праходзіць у чэрава і праз кішку выходзіць?
18. а што выходзіць з вуснаў - з сэрца выходзіць; і гэта апаганьвае чалавека;
19. бо з сэрца выходзяць ліхія намыслы, забойствы, пералюбы, распуста, крадзяжы, ілжывыя сьведчаньні, зьнявагі:
20. гэта апаганьвае чалавека; а есьці няўмытымі рукамі - не апаганьвае чалавека.
21. І выйшаўшы адтуль, адышоў Ісус у межы Тырскія і Сідонскія.