Памер шрыфту
Чытаньне за 6 ліпеня 2018:


1-е пасланьне да Карынцянаў 7.35-8.7

35. Кажу гэта на вашую ж карысьць, не на тое, каб накласьці на вас путы, а каб вы годна і няспынна служылі Госпаду сур'ёзна.
36. Калі ж хто і лічыць няпрыстойным для сваёй дзяўчыны тое, каб яна, будучы ў сталым веку, заставалася так, той хай робіць, як хоча, - ня згрэшыць; няхай такія выходзяць замуж.
37. Але хто непахісна цьвёрды ў сэрцы сваім і, ня змушаны патрэбаю, а маючы ўладу ў сваёй волі, рашыўся ў сэрцы сваім аберагчы сваю дзяўчыну, - той добра робіць.
38. Таму той, хто выдае замуж сваю дзяўчыну, добра робіць; а хто не выдае, робіць лепш.
39. Жонка зьвязана законам, пакуль жыве муж яе; калі ж муж яе памрэ, вольная выйсьці, за каго хоча, толькі ў Госпадзе.
40. Але яна шчасьлівейшая, калі застанецца так па маёй парадзе; а думаю, і я маю Духа Божага.
1. Што да ідалаахвярнага, дык мы ведаем, бо мы ўсе маем розум. Але розум надзімае, а любоў навучае.
2. Хто думае, што ён ведае нешта, той нічога яшчэ ня ведае так, як трэба ведаць;
3. а хто любіць Бога, таму дадзена разуменьне празь Яго.
4. І гэтак пра спажываньне ідалаахвярнага мы ведаем, што ідал у сьвеце нішто, і што няма іншага Бога, апрача Адзінага.
5. Бо, хоць і ёсьць так званыя божышчы, хай то на небе, хай на зямлі, - бо ёсьць шмат багоў і валадароў шмат, -
6. але ў нас адзін Бог Айцец, зь Якога ўсё, і мы для Яго, і адзін Гасподзь Ісус Хрыстос, празь Якога ўсё, і мы празь Яго.
7. Але ня ўсе маюць такое разуменьне: некаторыя і дагэтуль з сумленьнем, якое прызнае ідалаў, ядуць ідалаахвярнае як ахвяры ідальскія, і сумленьне іхняе, як што ёсьць нямоглае, апаганьваецца.

Евангельле паводле Мацьвея 15.29-31

29. Перайшоўшы адтуль, прыйшоў Ісус да мора Галілейскага і, узышоўшы на гару, сеў там.
30. І прыступіла да Яго мноства людзей, маючы з сабою кульгавых, сьляпых, нямых, зьнявечаных і іншых многіх, і паклалі іх да ног Ісусавых; і Ён ацаліў іх,
31. так што людзі зьдзіўляліся, бачачы, як нямыя гавораць, зьнявечаныя здаравеюць, кульгавыя ходзяць і сьляпыя бачаць; і праслаўлялі Бога Ізраілевага.