Памер шрыфту
Чытаньне за 8 ліпеня 2018:


Евангельле паводле Яна 20.1-10

1. У першы ж дзень тыдня Марыя Магдаліна прыходзіць да магілы раніцай, яшчэ прыцемкам, і бачыць, што камень адвалены ад магілы;
2. і вось бяжыць, і прыходзіць да Сымона Пятра і да другога вучня, якога любіў Ісус, і кажа ім: зьнесьлі Госпада з магілы, і ня ведаем, дзе паклалі Яго.
3. Адразу выйшаў Пётр і другі вучань, і пайшлі да магілы;
4. яны пабеглі абодва разам; але другі вучань бег хутчэй за Пятра, і прыйшоў да магілы першы,
5. і нахіліўшыся, убачыў палотны, якія там ляжалі: але не ўвайшоў у магілу.
6. Сьледам за ім прыходзіць Сымон Пётр, і ўваходзіць у магілу, і бачыць адны палотны, якія там ляжалі.
7. і хустку, якая была на галаве Ягонай, не з палотнамі яна ляжала, а асобна, скручаная, на іншым месцы.
8. Тады ўвайшоў і другі вучань, што прыбег раней да магілы, і ўбачыў, і ўвераваў;
9. бо яны яшчэ ня ведалі з Пісаньня, што Яму належала паўстаць зь мёртвых.
10. І вось, вучні зноў вярнуліся да сябе.

Пасланьне да Рымлянаў 15.1-7

1. Мы, моцныя, павінны насіць немачы бясьсілых і не сабе дагаджаць:
2. кожны з нас мусіць дагаджаць блізкаму, на дабро, у навучаньне.
3. Бо і Хрыстос не Сабе дагаджаў, а як напісана: «ліхаслоўе тых, што ліхасловяць Цябе, упала на Мяне».
4. А ўсё, што пісана было раней, напісана нам дзеля настаўленьня, каб мы цярплівасьцю і суцяшэньнем зь Пісаньняў захоўвалі надзею.
5. А Бог цярплівасьці і суцяшэньня няхай дасьць вам быць у аднадумстве паміж сабою, паводле вучэньня Хрыста Ісуса,
6. каб вы аднадушна, адзінымі вуснамі славілі Бога і Айца Госпада нашага Ісуса Хрыста.
7. Таму прымайце адзін аднаго, як і Хрыстос прыняў вас на славу Божую.

Евангельле паводле Мацьвея 9.27-35

27. І калі ішоў адтуль Ісус, ішлі за Ім двое сьляпых і крычалі: памілуй нас, Ісусе, Сыне Давідаў!
28. І калі Ён прыйшоў у дом, прыступілі да Яго сьляпыя. І кажа ім Ісус: ці верыце, што Я магу зрабіць гэта? Яны кажуць Яму: так, Госпадзе!
29. Тады Ён крануўся вачэй іхніх і сказаў: па веры вашай хай будзе вам.
30. І адкрыліся вочы ў іх; і строга наказаў ім Ісус: глядзеце, каб ніхто не даведаўся.
31. А яны, выйшаўшы, расказалі пра Яго па ўсёй зямлі той.
32. Калі ж тыя выходзілі, вось, прывялі да Яго чалавека нямога, апанаванага дэманам.
33. І калі дэман быў выгнаны, нямы пачаў гаварыць. І люд, дзіву даючыся, казаў: ніколі ня было такога явішча ў Ізраілі.
34. А фарысэі казалі: сілаю князя дэманскага выганяе Ён дэманаў.
35. І хадзіў Ісус па ўсіх гарадах і па селішчах, вучачы ў сынагогах іхніх, прапаведуючы Дабравесьце Царства і ацаляючы ўсякую хваробу і ўсякую немач у людзях.