Памер шрыфту
Чытаньне апосталу(-ам):


Дзеі Апосталаў 12.1-11

1. Тым часам цар Ірад падняў рукі на некаторых людзей царквы, каб зрабіць ім ліха,
2. і забіў Якава, брата Янавага, мечам;
3. а ўбачыўшы, што гэта даспадобы Юдэям, сьледам за тым узяў і Пятра, - тады былі дні праснакоў, -
4. і, затрымаўшы яго, пасадзіў у цямніцу і загадаў чатыром чацьверыкам воінаў вартаваць яго, маючы намер пасьля Пасхі вывесьці яго да людзей.
5. І так Пятра вартавалі ў цемры; тым часам царква рупліва малілася за яго Богу.
6. Калі ж Ірад хацеў вывесьці яго, у тую ноч Пётр спаў паміж двума воінамі, скаваны двума ланцугамі, і ахова каля дзьвярэй вартавала цямніцу.
7. І вось, анёл Гасподні стаў перад ім, і сьвятло азарыла цямніцу; анёл, штурхнуўшы Пятра ў бок, разбудзіў яго і сказаў: устань хутчэй! І ланцугі апалі зрук ягоных.
8. І сказаў яму анёл: падперажыся і абуйся. Ён зрабіў так. Пасьля кажа яму: апрані адзежу тваю і ідзі за мною.
9. Пётр выйшаў і рушыў усьлед за ім, ня ведаючы, што тое, што робіць анёл, ёсьць сапраўднае, а думаючы, што бачыць уяву.
10. Мінуўшы першую і другую варту, яны падышлі да жалезнае брамы, што вяла ўгорад, якая сама адчынілася ім; яны выйшлі, і прайшлі адну вуліцу, калі раптам анёла ня стала зь ім.
11. Тады Пётр, апамятаўшыся, сказаў: цяпер я бачу напраўду, што Гасподзь паслаў анёла Свайго і выбавіў мяне з рукі Ірада і ад усяго, чаго чакаў люд Юдэйскі.

Евангельле паводле Лукаша 5.1-11

1. Аднойчы, калі люд ціснуўся да Яго, каб чуць слова Божае, а Ён стаяў каля возера Генісарэцкага,
2. убачыў Ён дзьве лодкі, якія стаялі на возеры; а рыбакі, выйшаўшы зь іх, вымывалі мярэжы.
3. Увайшоўшы ў адну лодку, якая была Сымонава, Ён прасіў яго адплыць крыху ад берагу, і сеўшы, вучыў людзей з лодкі.
4. А калі перастаў вучыць, сказаў Сымону: адплыві на глыбокае, і закіньце мярэжы свае для лову.
5. Сымон сказаў Яму ў адказ: Настаўнік! мы працавалі ўсю ноч і нічога не злавілі; але па слове Тваім закінем мярэжу.
6. Зрабіўшы гэта, яны злавілі вялікае мноства рыбы, і нават мярэжа ў іх рвалася.
7. І далі знак супольнікам, якія былі ў другой лодцы, каб прыйшлі пасобіць ім, і прыйшлі, і напоўнілі абедзьве лодкі, так што яны пачалі тануць.
8. Убачыўшы гэта, Сымон Пётр прыпаў да каленяў Ісуса і сказаў: выйдзі ад мяне, Госпадзе! бо я чалавек грэшны.
9. Бо жах агарнуў яго і ўсіх, хто быў зь Ім, ад гэтага ўлову рыбы, імі злоўленае;
10. таксама і Якава і Яна; сыноў Зевядзеевых, якія былі супольнікамі Сымону. І сказаў Сымону Ісус: ня бойся; ад сёньня будзеш лавіць людзей.
11. І выцягнуўшы абедзьве лодкі на бераг, пакінулі ўсё і пайшлі сьледам за Ім.