Памер шрыфту
Чытаньне сьвятому:


1-е пасланьне Яна Багаслова 3.10б-24

10. Дзеці Божыя і дзеці д'яблавыя пазнаюцца так: кожны, хто ня чыніць праўды, ня ёсьць ад Бога, як і той, хто ня любіць брата свайго.
11. Бо такое зьвеставаньне, якое вы чулі ад пачатку, - каб мы любілі адно аднаго,
12. ня так, як Каін, які быў ад зламысьніка, і забіў брата свайго. А за што забіў яго? За тое, што дзеі ягоныя былі ліхія, а дзеі брата ягонага праведныя.
13. Ня зьдзіўляйцеся, браты мае, калі сьвет ненавідзіць вас.
14. Мы ведаем, што мы перайшлі са сьмерці ў жыцьцё, бо любім братоў; хто ня любіць брата, застаецца ў сьмерці.
15. Кожны, хто ненавідзіць брата свайго, ёсьць душагуб; а вы ведаеце, што ніякі душагуб ня мае жыцьця вечнага, якое ў ім заставалася.
16. Любоў спазналі мы ў тым, што Ён паклаў за нас душу Сваю: і мы павінны класьці душы свае за братоў.
17. А хто мае дастатак на сьвеце, але, бачачы брата свайго ў нястачы, зачыняе ад яго сэрца сваё, - як застаецца ў тым любоў Божая?
18. Дзеці мае! будзем любіць ня словам альбо языком, а ўчынкамі і праўдаю.
19. І вось, па чым спазнаём, што мы ад праўды, і супакойваем перад Ім сэрцы нашыя;
20. бо калі сэрца (нашае) асуджае нас, дык тым болей Бог, таму што Бог большы за сэрца нашае і ведае ўсё.
21. Любасныя! калі сэрца нашае не асуджае нас, дык мы маем адвагу перад Богам,
22. і, чаго ні папросім, атрымаем ад Яго, бо трымаемся запаведзяў Ягоных і робім богаспадобнае перад Ім.
23. А запаведзь Ягоная тая, каб мы веравалі ў імя Сына Ягонага, Ісуса Хрыста, і любілі адно аднаго, як Ён наказаў нам.
24. І хто захоўвае запаведзі Ягоныя, той жыве ў Ім, і Ён у тым. А што Ён жыве ў нас, спазнаём па духу, які Ён даў нам.

Евангельле паводле Мацьвея 21.33-42

33. Выслухайце іншую прытчу. Быў адзін гаспадар дома, які насадзіў вінаграднік: і мурам абгарадзіў яго, і выкапаў у ім чавільню і збудаваў вежу, іаддаў яго вінаградарам, і адлучыўся.
34. А калі надышоў час пладоў, ён паслаў сваіх слуг да вінаградараў узяць плады свае.
35. Вінаградары, схапіўшы слуг ягоных, каго набілі, каго забілі, а каго каменьнем пабілі.
36. Зноў паслаў ён іншых слуг, больш чым раней; і зь імі ўчынілі тое самае.
37. Нарэшце паслаў ён да іх сына свайго, кажучы: пасаромеюцца сына майго.
38. Але вінаградары, убачыўшы сына, сказалі адзін аднаму: гэта спадкаемца; хадзем, заб'ем яго і завалодаем спадчынай ягонай:
39. І схапіўшы яго, вывелі вонкі зь вінаградніка і забілі.
40. І вось, калі прыйдзе гаспадар вінаградніка, што зробіць ён з гэтымі вінаградарамі?
41. Кажуць яму: ліхадзеяў гэтых аддасьць на лютую сьмерць, а вінаграднік аддасьць іншым вінаградарам, якія аддаваць будуць яму плады ў свой час.
42. Ісус кажа ім: няўжо вы ніколі ня чыталі ў Пісаньні: «камень, які адкінулі будаўнікі, той самы зрабіўся каменем кутнім: гэта - ад Госпада, і ёсьць дзіўна ў вачах нашых»?