Памер шрыфту
Чытаньне сьвятому:


1-е пасланьне да Карынцянаў 12.7-11

7. Але кожнаму даецца выяўленьне Духа на карысьць:
8. аднаму даецца Духам слова мудрасьці, другому слова веданьня, тым самым Духам;
9. іншаму вера, тым самым Духам; іншаму дар ацаленьня, тым самым Духам;
10. іншаму цудадзействы, іншаму прароцтва, іншаму распазнаньне духаў, іншаму розныя мовы, іншаму тлумачэньне моваў.
11. А ўсё гэта дзее адзін і той самы Дух, надзяляючы кожнага асобна, як Яму заўгодна.

Евангельле паводле Яна 10.9-16

9. Я - дзьверы: хто ўвойдзе Мною, той уратуецца, і ўвойдзе і выйдзе, і пашу знойдзе.
10. Злодзей прыходзіць толькі дзеля таго, каб украсьці, забіць і загубіць; Я прыйшоў дзеля таго, каб мелі жыцьцё і мелі ўдосталь.
11. Я - Пастыр Добры: Пастыр Добры аддае жыцьцё сваё за авечкі;
12. а найміт, ня пастыр, якому авечкі не свае, бачыць, як воўк падыходзіць, і пакідае авечкі і ўцякае, і воўк рабуе авечкі і разганяе іх;
13. а найміт ўцякае, бо найміт і ня дбае пра авечкі.
14. Я - Пастыр Добры, і ведаю Маіх, і Мае ведаюць Мяне:
15. як Айцец ведае Мяне, так і Я ведаю Айца, і жыцьцё Маё кладу за авечкі.
16. Ёсьць у Мяне і іншыя авечкі, якія ня з гэтай кашары, і тых трэба мне прывесьці: і яны пачуюць голас Мой, і будзе адзін статак і адзін Пастыр.