Памер шрыфту
Чытаньне сьвятому:


Пасланьне да Галятаў 4.22-31

22. Бо напісана: «Абрагам меў двух сыноў, аднаго ад рабыні, а другога ад вольнай».
23. Але які рабыніч, той народжаны па плоці; а які ад вольнай, той па абяцаньні.
24. У гэтым ёсьць іншы сэнс. Гэта два запаветы: адзін ад гары Сінайскай, які родзіць на рабства, які ёсьць Агар,
25. бо Агар азначае гару Сінай у Аравіі і адпавядае цяперашняму Ерусаліму, бо ён зь дзецьмі сваімі ў рабстве;
26. а вышэйшы Ерусалім вольны: Ён - маці ўсім нам.
27. Бо напісана: «узьвесяліся, няплодная, ты, што ня родзіш; усклікні і гукні, ты, што ня мучылася ў родах; бо ў пакінутай куды болей дзяцей, чым у той, што мае мужа».
28. Мы, браты, дзеці абяцаньня, як Ісаак.
29. Але як тады народжаны ад плоці гнаў таго, хто ад Духа, так і сёньня.
30. Што ж кажа Пісаньне? «Выгані рабыню і сына яе, бо сын рабыніч не спадчыньніць разам з сынам вольнае».
31. Таму, браты, мы дзеці не рабыні, а вольнай.

Евангельле паводле Лукаша 1.5-25

5. У дні Ірада, цара Юдэйскага, быў сьвятар з Авіевай чаргі, імем Захар, і жонка ягоная з роду Ааронавага, імя ейнае Елісавета.
6. Абое яны былі праведныя перад Богам, жывучы паводле ўсіх запаведзяў і ўстанаўленьняў Гасподніх беспахібна.
7. У іх ня было дзяцей, бо Елісавета была няплодная, і абое былі ўжо ў сталым веку.
8. Аднаго разу, калі ён у парадку сваёй чаргі служыў перад Богам,
9. па жэрабі, як заведзена было ў сьвятароў, прыпала яму ўвайсьці ў храм Гасподні кадзіць,
10. а ўсё мноства людзей малілася звонку ў часе каджэньня, -
11. тады зьявіўся яму анёл Гасподні, стоячы па правы бок да ахвярніка кадзільнага,
12. і Захар, убачыўшы яго, сумеўся, і страх агарнуў яго.
13. Анёл жа сказаў яму: ня бойся, Захар, бо пачута малітва твая, і жонка твая ілізабета народзіць табе сына, і дасі яму імя Ян;
14. і будзе табе радасьць і весялосьць, і многія нараджэньню ягонаму ўзрадуюцца;
15. бо ён вялікі будзе перад Госпадам; ня будзе піць віна і сікеру, і Духам Сьвятым прасякнецца яшчэ ад улоньня маці сваёй;
16. і многіх з-паміж сыноў Ізраілевых наверне да Госпада Бога іхняга;
17. і пройдзе перад імі ў духу і ў сіле Ільлі, каб вярнуць сэрцы бацькоў дзецям, і непакорлівым лад думак праведнікаў, каб зьявіць Госпаду народ падрыхтаваны.
18. І сказаў Захар анёлу: па чым я пазнаю гэта? бо я стары, і жонка мая ў сталым веку.
19. Анёл сказаў яму ў адказ: я Гаўрыіл, стаю перад Богам, і пасланы гаварыць з табою і паведаміць табе гэта;
20. і вось ты будзеш маўчаць і ня зможаш гаварыць да таго дня, калі гэта збудзецца, за тое, што ты не паверыў словам маім, якія спраўдзяцца ў свой час.
21. Тым часам люд чакаў Захара і зьдзіўляўся, што ён марудзіў у храме.
22. А ён, выйшаўшы, ня мог гаварыць да іх; і яны зразумелі, што ён бачыў уяву ў храме; і ён рабіў ім знакі і заставаўся нямы.
23. А як скончыліся дні службы ягонай, вярнуўся ў дом свой.
24. Пасьля гэтых дзён зачала Елісавета, жонка ягоная, і таілася пяць месяцаў, і казала:
25. так учыніў мне Гасподзь у дні тыя, калі паглядзеў на мяне, каб зьняць зь мяне ганьбу сярод людзей.