Памер шрыфту
Чытаньне вялебнаму(-ай):


Пасланьне да Габрэяў 13.7-16

7. Спамінайце настаўнікаў вашых, якія дабравесьцілі вам слова Божае, і, гледзячы на канец іхняга жыцьця, пераймайце іхнюю веру.
8. Ісус Хрыстос учора і сёньня і навекі Той самы.
9. Вучэньнямі рознымі і чужымі не захапляйцеся; бо добра мілатою мацаваць сэрцы, а ня прысмакамі, ад якіх не атрымалі карысьці тыя, што іх спажывалі.
10. Мы маем ахвярнік, зь якога ня маюць права карміцца слугі скініі.
11. Бо целы жывёлін, кроў зь якіх, на ачышчэньне грэху, уносіцца першасьвятаром у сьвяцілішча, спальваюцца за табарам, -
12. дык і Ісус, каб асьвяціць людзей Крывёю Сваёю, пацярпеў па-за брамаю.
13. Дык выйдзем жа да Яго за табар, нясучы Яго паганьбеньне;
14. бо ня маем тут сталага горада, а шукаем будучага.
15. Дык будзем жа празь Яго няспынна прыносіць Богу ахвяру хвалы, гэта значыцца, плод вуснаў, якія славяць імя Ягонае.
16. Не забывайце таксама дабрачыннасьці і шчырай супольнасьці, бо такія ахвяры падабаюцца Богу.

Евангельле паводле Мацьвея 5.14-19

14. Вы - сьвятло сьвету: ня можа схавацца горад, які стаіць на версе гары.
15. І запаліўшы сьвечку, ня ставяць яе пад пасудзінаю, а на сьвечніку, і сьвеціць усім, хто ў доме.
16. Так няхай сьвеціць сьвятло ваша перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі і ўслаўлялі Айца вашага, Які ёсьць у нябёсах.
17. Ня думайце, што Я прыйшоў парушыць закон, альбо прарокаў: не парушыць прыйшоў Я, а зьдзейсьніць.
18. Бо праўду кажу вам: пакуль ня мінецца неба і зямля, ані ёта адна, ані рыска адзіная ня мінецца з закона, пакуль ня збудзецца ўсё.
19. Дык вось, хто парушыць адну з запаведзяў гэтых найменшых і навучыць гэтак людзей, той найменшым назавецца ў Царстве Нябесным; а хто выканае і навучыць, той вялікім назавецца ў Царстве Нябесным.