Памер шрыфту
Чытаньне мучаніку(-цы):


Пасланьне да Рымлянаў 8.28-39

28. Пры гэтым ведаем, што тым, хто любіць Бога, хто пакліканы па Ягонай пастанове, усё спрыяе на добрае;
29. бо каго Ён наперад уведаў, тым і наканаваў (быць) падобнымі да вобраза Сына Свайго, каб Ён быў першародны сярод многіх братоў;
30. а каго Ён наканаваў, тых і паклікаў; а каго паклікаў, тых і апраўдаў; а каго апраўдаў, тых і ўславіў.
31. Што ж сказаць на гэта? Калі Бог за нас, хто супроць нас?
32. Той, Хто Сына Свайго не пашкадаваў, а аддаў Яго за ўсіх нас, як зь Ім не даруе нам і ўсяго?
33. Хто будзе вінаваціць выбранцаў Божых? Бог апраўдае іх.
34. Хто асуджае? Хрыстос (Ісус) памёр, але і ўваскрэс: Ён і праваруч Бога, Ён і заступнік за нас.
35. Хто адлучыць нас ад любові Божай: скруха, ці ўціск, ці ганеньне, ці голад, ці галеча, ці небясьпека, ці меч? як напісана:
36. «за Цябе забіваюць нас кожнага дня; лічаць нас за авечак, на зарэз асуджаных».
37. Але ўсё гэта пераадольваем сілаю Таго, Хто палюбіў нас.
38. Бо я ўпэўнены, што ні сьмерць, ні жыцьцё, ні анёлы, ні Пачаткі, ні Сілы, ні сёньняшняе, ні будучае,
39. ні вышыня, ні глыбіня, ні іншае якое стварэньне ня можа адлучыць нас ад любові Божай у Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым.

Евангельле паводле Мацьвея 10.16-21

16. Вось, Я пасылаю вас, як авечак сярод ваўкоў: дык вось, будзьце мудрыя, як зьмеі, і простыя, як галубы.
17. Сьцеражэцеся ж людзей: бо яны аддаваць будуць вас у судзілішчы і ў сынагогах сваіх біць будуць вас,
18. і павядуць вас да правіцеляў і да цароў за Мяне на сьведчаньне перад імі і язычнікамі.
19. Калі ж будуць выдаваць вас, ня турбуйцеся, як або што сказаць; бо дадзена будзе вам у той час, што сказаць;
20. бо ня вы будзеце гаварыць, а Дух Айца вашага гаварыць будзе ў вас.
21. І выдасьць брат брата на сьмерць, і бацька - сына; і паўстануць дзеці на бацькоў і заб'юць іх;