Памер шрыфту
Чытаньне мучаніку(-цы):


2-е пасланьне да Карынцянаў 5.15-21

15. А Хрыстос за ўсіх памёр, каб тыя, што жывуць, ужо ня дзеля сябе жылі, а дзеля памерлага за іх і ўваскрэслага.
16. Таму ад сёньня мы нікога ня ведаем па плоці; калі ж і ведалі Хрыста па плоці, дык сёньня ўжо ня ведаем.
17. Дык вось, хто ў Хрысьце, той новае стварэньне; старажытнае мінула, цяпер усё новае.
18. А ўсё ад Бога, Які Ісусам Хрыстом прымірыў нас з Сабою і даў нам служэньне прымірэньня,
19. таму што Бог у Хрысьце прымірыў з Сабою сьвет, ня ставячы людзям у віну злачынстваў іхніх, і даў нам слова прымірэньня.
20. Вось мы - пасланыцы ў імя Хрыстовае, і як бы сам Бог умаўляе праз нас, у імя Хрыстовае просім: замірэцеся з Богам!
21. Бо Таго, Хто ня ведаў грэху, Ён зрабіў нам ахвяраю за грэх, каб мы ў Ім зрабіліся праведнымі перад Богам.

Евангельле паводле Мацьвея 2.13-23

13. Калі ж яны адышлі, - вось, анёл Гасподні яўляецца ў сьне Язэпу і кажа: устань, вазьмі Дзіця і Маці Ягоную, і ўцякай у Егіпет, і будзь там, пакуль не скажу табе, бо Ірад хоча шукаць Дзіцятка, каб загубіць Яго.
14. Ён устаў, узяў Дзіця і Маці Ягоную, і адышоў у Егіпет,
15. і быў там да Ірадавай сьмерці, каб збылося сказанае Госпадам праз прарока, які кажа: «З Егіпта паклікаў Я Сына Майго».
16. Тады Ірад, убачыўшы, што мудрацы ашукалі яго, разгневаўся надта і паслаў пазабіваць усіх дзетак у Віфляеме і ва ўсіх межах яго, ад двух гадоў і ніжэй, паводле часу, які выведаў у мудрацоў.
17. Тады збылося сказанае праз прарока Ерамію, які кажа:
18. «Голас у Раме чуцен, плач, і галашэньне, і лямант вялікі; Рахіль плача па дзецях сваіх і ня хоча суцешыцца; бо іх няма».
19. А як Ірад памёр, - вось, анёл Гасподні ў сьне яўляецца Язэпу ў Егіпце
20. і кажа: устань, вазьмі Дзіця і Маці Ягоную і ідзі ў зямлю Ізраілеву; бо памерлі тыя, што шукалі душы Дзіцяці.
21. Ён устаў, узяў Дзіця і Маці Ягоную і прыйшоў у зямлю Ізраілеву.
22. Але пачуўшы, што Архелай валадарыць ў Юдэі замест Ірада, бацькі свайго, пабаяўся туды ісьці; і атрымаўшы ў сьне наказ, адышоў у межы Галілейскія,
23. і, прыйшоўшы, пасяліўся ў горадзе, які называецца Назарэт, каб збылося сказанае праз прарокаў, што Ён Назарэем назавецца.