Памер шрыфту
Чытаньне вялебнаму(-ай):


Пасланьне да Эфэсянаў 5.9-19

9. бо плод Духа - ва ўсякай даброці, праведнасьці і ісьціне.
10. Шукайце таго, што да спадобы Богу,
11. і не бярэце ўдзелу ў бясплённых дзеях цемры, а яшчэ і выкрывайце,
12. бо пра тое, што яны робяць таемна, сорамна і казаць.
13. А ўсё, што выкрываецца, выяўляецца ў сьвятле, бо ўсё, што робіцца яўным, ёсьць сьвятло.
14. Таму сказана: «устань, хто сьпіць, і ўваскрэсьні зь мёртвых, і асьветліць цябе Хрыстос!».
15. Дык глядзеце, дзейце асьцярожна, не як неразумныя, а як мудрыя,
16. цэнячы дорага час, бо дні - ліхія.
17. Дык ня будзьце ж неразважныя, а спазнавайце, што ёсьць воля Божая.
18. І не ўпівайцеся віном, ад якога бывае распуста; а напаўняйцеся Духам,
19. настаўляючы саміх сябе псальмамі і славаслоўем і духоўнымі сьпевамі, сьпяваючы і апяваючы ў сэрцах вашых Госпада,

Евангельле паводле Марка 4.25-5.12

25. Бо, хто мае, таму дадзена будзе, а хто ня мае, у таго адымецца і тое, што мае.
26. І сказаў: Царства Божае падобнае на тое, як калі чалавек кіне насеньне ўзямлю,
27. і сьпіць, і ўстае ноччу і днём, і як насеньне ўзыходзіць і расьце, ня ведае ён;
28. бо зямля сама сабою родзіць спачатку зеляніну, потым колас, потым поўнае зерне ў коласе;
29. калі ж высьпее плод, адразу пасылае серп, таму што настала жніво.
30. І сказаў: да чаго прыпадобнім Царства Божае? альбо празь якую прытчу выявім яго?
31. Яно - як зерне гарчычнае, якое, калі сеецца ў зямлю, ёсьць найменшае з усіх зярнят на зямлі:
32. а як пасеяна, узыходзіць і робіцца большае за ўсякую траву, і пускае вялікае гольле, так што пад ценем ягоным могуць хавацца птушкі нябесныя.
33. І такімі многімі прытчамі прапаведаваў ім слова, колькі яны маглі чуць;
34. і бяз прытчы не казаў ім, а вучням сам-насам тлумачыў усё.
35. Увечары таго самага дня сказаў ім: пераправімся на той бок.
36. І яны, адпусьціўшы людзей, узялі Яго з сабою, як Ён быў, у лодку; зь Ім былі і іншыя лодкі.
37. І паднялася вялікая бура; хвалі білі ў лодку, так што яна ўжо напаўнялася вадою.
38. А Ён спаў на карме на ўзгалоўі. Яго будзяць і кажуць Яму: Настаўнік! няўжо Табе ня рупіць, што мы гінем?
39. І ўстаўшы, Ён загразіў ветру і сказаў мору: суйміся, перастань. І вецер аціх, і зрабілася вялікая ціша.
40. І сказаў ім: чаго вы такія палахлівыя? чаму ў вас няма веры?
41. І ўбаяліся страхам вялікім і гаварылі і паміж сабою: хто ж гэта, што і вецер і мора слухаюцца Яго?
1. Прыйшлі на другі бераг мора, у краіну Гадарынскую.
2. І калі выйшаў Ён з лодкі, адразу сустрэў Яго чалавек, які выйшаў з магілаў, апанаваны нячыстым духам;
3. у яго было жытло ў магілах, і ніхто ня мог зьвязаць яго нават ланцугамі;
4. бо колькі разоў яго ні кавалі ў ланцугі і путы, але разрываў ланцугі і разьбіваў путы, і ніхто ня меў сілы ўтаймаваць яго;
5. заўсёды, уночы і ўдзень, у горах і магілах, крычаў ён і біўся аб каменьне.
6. А ўбачыўшы Ісуса здалёк, прыбег і пакланіўся Яму,
7. і, закрычаўшы моцным голасам, сказаў: што Табе да мяне? Ісусе, Сыне Бога Усявышняга! заклінаю Цябе Богам, ня муч мяне!
8. Бо Ісус сказаў яму: выйдзі, дух нячысты, з гэтага чалавека.
9. І спытаўся ў яго: як тваё імя? І той сказаў у адказ: легіён імя мне, бо нас многа.
10. І вельмі прасілі Яго, каб ня высылаў іх прэч з краіны той.
11. А пасьвіўся там пад гарою вялікі гурт сьвіней.
12. І прасіліся ў Яго ўсе дэманы, кажучы: пашлі нас у сьвіней, каб нам увайсьці ў іх.