Памер шрыфту
Чытаньне вялебнаму(-ай):


Пасланьне да Галятаў 3.23-29

23. Але да прышэсьця веры, мы былі замкнутыя пад вартаю закона да таго часу, як мела адкрыцца вера.
24. Дык вось закон быў для нас павадыром да Хрыста, каб нам апраўдацца вераю;
25. а як прыйшла вера, мы ўжо не пад кіраваньнем павадыра.
26. Бо ўсе вы сыны Божыя па веры ў Хрыста Ісуса;
27. усе вы, хто хрысьціўся ў Хрыста, у Хрыста апрануліся!
28. Няма ўжо Юдэя, ні язычніка; няма раба, ні вольніка; няма мужчынскага полу, ні жаночага: бо ўсе вы адно ў Хрысьце Ісусе.
29. Калі ж вы Хрыстовыя, дык вы нашчадкі Абарагамавыя, і паводле абяцаньня спадкаемцы.

Евангельле паводле Лукаша 7.36-50

36. Нехта з фарысэяў прасіў Яго паесьці зь ім ежы; і Ён, увайшоўшы ў дом фарысэя, узьлёг.
37. І вось, жанчына з таго горада, якая была грэшніца, даведаўшыся, што Ён узьляжыць у доме ў фарысэя, прынесла алавастравы посуд зь мірам;
38. і, стаўшы ззаду каля ног Ягоных і плачучы, пачала абліваць ногі Ягоныя сьлязьмі і абціраць валасамі галавы сваёй, і цалавала ногі Яму, і мазала мірам.
39. Бачачы гэта, фарысэй, які запрасіў Яго, сказаў сам сабе: калі б Ён быў прарок, дык ведаў бы, хто і якая жанчына дакранаецца да Яго, бо яна грэшніца.
40. Зьвярнуўшыся да яго, Ісус сказаў: Сымоне! Я маю нешта сказаць табе. Ён кажа: скажы, Настаўнік.
41. Ісус сказаў: у аднаго пазыкоўца было два даўжнікі: адзін вінен быў пяцьсот дынараў, а другі пяцьдзясят;
42. але як што яны ня мелі чым заплаціць, ён дараваў абодвум. Дык скажы, каторы зь іх болей палюбіць яго?
43. Сымон адказаў: думаю, той, каму больш даравана. Ён сказаў яму: правільна ты разважыў.
44. І абярнуўшыся да жанчыны, сказаў Сымону: ці бачыш ты гэтую жанчыну? Я прыйшоў у дом твой, і ты вады Мне на ногі ня даў: а яна сьлязьмі абліла Мне ногі і валасамі галавы свае абцерла.
45. Ты цалаваньня Мне ня даў; а яна, з той хвіліны, як Я прыйшоў, не перастае цалаваць Мне ногі.
46. Ты галавы Мне алеем не памазаў; а яна мірам намасьціла Мне ногі.
47. А таму кажу табе: даруюцца грахі ёй многія за тое, што яна палюбіла многа: а каму мала даруецца, той мала любіць.
48. А ёй сказаў: даруюцца табе грахі.
49. І тыя, што ўзьляжалі зь Ім, пачалі гаварыць самі сабе: хто гэта, што і грахі даруе?
50. А Ён сказаў жанчыне: вера твая ўратавала цябе; ідзі зь мірам.