Друк

У Вене пачаліся беларускія набажэнствы

У сталіцы Аўстрыі на просьбу мясцовых беларусаў архібіскуп Вены, кардынал Крыстаф Шэнбарн заснаваў беларускае грэка-каталіцкае душпастырства ў гонар Хрыста Чалавекалюбцы, паведамляе Радыё Свабода.
  
Душпастарам прызначаны беларускі грэка-каталіцкі сьвятар Андрэй Абламейка, які жыве і студыюе ў Аўстрыі. У інтэрвію Радыё Свабода ён сказаў:
 
“З блаславеньня Яго Эмінэнцыі кардынала Хрыстафора Шэнбарна ў венскай царкве Сьвятой Барбары пачаліся рэгулярныя беларускія набажэнствы. Кожны панядзелак а 18-й гадзіне мы служым Акафіст да Хрыста Чалавекалюбцы. У панядзелак на гэтым тыдні Акафіст быў адслужаны ўжо другі раз. А ў наступную нядзелю, 4 сакавіка, а 18-й гадзіне ў царкве будзе адслужаная першая беларуская Боская літургія. Літургію мы пакуль будзем служыць кожную першую нядзелю месяца. Акафіст, як я ўжо сказаў, кожны панядзелак. Вена – вельмі важны для беларускай царкоўнай гісторыі горад. Некалі тут захоўваліся мошчы сьвятога Язафата да іх перавозкі ў Рым. Адрас царквы Сьвятой Барбары – Postgasse, 8. Запрашаю ўсіх ахвочых слухаць слова Божае па-беларуску”.
 
Айцец Андрэй Абламейка цяпер вучыцца ў дактарантуры ў Міжнародным тэалагічным інстытуце ў Вене. Два разы на месяц, у другую і апошнюю нядзелі, ён даяжджае таксама ў Прагу і служыць там у царкве сьвятых Кузьмы і Дзям’яна Боскія Літургіі для мясцовых беларусаў.

 
© 2017 Газета "ЦАРКВА"