Друк
28.09.2014
Айцец Андрэй Крот: “Сьмецьцевы Чарнобыль” – глабальная праблема
 
Айцец Андрэй Крот з Горадні.
Грэка-каталіцкі сьвятар з Горадні распавядае для Беларускага зялёнага парталу пра спаленае лісьце, цэлафанавыя пакеты ў супермаркетах ды экалагічныя звычкі.
 
Пра экалагічныя праблемы, як нам падаецца, надзвычай рэдка можна пачуць у царкве. Тым больш з вуснаў сьвятароў, якія маюць клапаціцца пра збаўленьне душаў, а не пра разьдзельны збор сьмецьця. Што “людзі ў чорным” думаюць пра экалогію насамрэч?
 
На нашыя пытаньні адказвае грэка-каталіцкі (уніяцкі) сьвятар а. Андрэй Крот.
 
Набываць непатрэбны прадукт – зьнішчаць навакольны сьвет
 
Айцец Андрэй Крот з Горадні.
— Хрысьціянскія каштоўнасьці неяк супярэчаць экалагічным прынцыпам ці... ?
 
— Абсалютна не супярэчаць, больш за тое, экалагічныя каштоўнасьці свае пачаткі бяруць у хрысьціянстве: Біблія вучыць нас мудра абыходзіцца з навакольным сьветам. У першых разьдзелах кнігі Быцьця мы чытаем, што Бог пасадзіў сад у Эдэме і даручыў чалавеку гэты сад абрабляць. Таму ўвесь сьвет – гэта вялікі сад, які чалавек мае даглядаць. Не рабаваць ды разбураць, а мудра распараджацца тым, што яму даверана.
 
Сучасная цывілізацыя – спажывецкая: людзі набываюць рэчы не з патрэбы, а для задавальненьня ад “шопінгу”. Два разы апрануў кашулю – і на сьметнік. Царква выступае супраць такога бяздумнага набываньня і выкідваньня рэчаў. Калі чалавек набывае непатрэбны яму прадукт – гэта ўжо зьнішчэньне навакольнага сьвету, бо для яго вырабу быў патрэбны, літар нафты альбо паў-кубы драўніны. Таму ў нашай парафіі, напрыклад, зьбіраецца вопратка, яшчэ прыдатная для выкарыстаньня, ды звозіцца тым, хто мае ў ёй патрэбу.
 
Паперу зьбіраю ў скрыню на балконе
 
— Ці маеце вы персанальна нейкія эка-звычкі?
 
— Звычка ў мяне ёсьць толькі адна: не хадзіць па газонах – гэта я раблю на аўтамаце. Рэшта – хутчэй сьвядомыя індывідуальныя эка-дзеяньні. Прасьцей, напрыклад, батарэйкі альбо пластыкавыя бутэлькі выкінуць наўпрост у сьметніцу, чым шукаць адмысловыя кантэйнеры.
Айцец Андрэй Крот з Горадні.
Альбо паперу лягчэй выкінуць, чым зьбіраць у адмысловую скрыню на балконе, як я гэта раблю. Раз на нейкі час вывожу яе і здаю. Таму тут, на мой погляд, ня звычка, а сьвядомае прывучэньне сябе рабіць правільна ды экалагічна. Тое ж з пакетамі – заўжды імкнуся браць стары з хаты, чым кожны раз цягнуць з крамы новы цэлафан.
 
— Якім быў ваш апошні эка-подзьвіг?
 
— У маёй мамы ў Івацэвічах, 160 км ад Горадні, стаяў стары тэлевізар. Прасьцей за ўсё яго закінуць у машыну для сьмецьця, якая прыязджае час-почас. Але я вырашыў прывезьці яго ў Горадню ў адмысловы пункт прыёму побытавай тэхнікі – “Садко-307”.
 
— А што наконт эка-правіннасьцяў?
 
— Я вырас амаль у вёсцы, на прыватным падворку. Таму ў “правіннасьці”, мабыць, можна запісаць звычку паліць лісьце ўвосень.
 
Ня варта ўсё валіць на дзяржаву
 
— Што ў экалагічным плане Вам хацелася б зьмяніць у Вашым горадзе альбо раёне?
 
— Трэба, каб кожны чалавек выпрацоўваў у сабе эка-дысцыпліну, ну і каб гэта стала часткай палітыкі. Неабавязкова палітыкі дзяржавы ці мясцовых уладаў, а палітыкі супермаркетаў тых жа. У той жа Польшчы сёньня прапагандуецца набыцьцё торбаў шматразовага выкарыстаньня замест тонкіх цэлафанавых пакетаў. Калі б гарадзенскія супермаркеты рабілі таксама – было б файна. Газоны і азеляненьне – гэта частка палітыкі ЖЭСаў. Таму, думаю, ня варта ўсё валіць на дзяржаву, як у нас любяць. Варта працаваць на мясцовым узроўні.
 
Перад вашым прыходам выкінуў з машыны 10 пластыкавых бутэлек…
 
Айцец Андрэй Крот з Горадні.
— Якая галоўная эка-праблема беларусаў?
 
— Чарнобыль, мажліва, і галоўная праблема, а мажліва – акурат нашая экалагічная неадукаванасьць, мы ня дбаем нават пра тое, пра што можам. Я неяк задумаўся: а колькі ж мы вырабляем сьмецьця на працягу жыцьця? Калі я быў маленькі, напоі прадаваліся ў шкляных бутэльках, якія пасьля здаваліся ды ішлі ў выкарыстаньне, марозіва – у папяровай абгортцы, якая спальвалася ў печы. А зараз я заўважаю колькі па сабе пакідае сьмецьця нават мая сям’я з двух чалавек. З машыны акурат перад вашым прыходам выкінуў 10 пластыкавых бутэлек, бо як едзеш куды – заўжды хочацца нешта набыць…
 
Вытворчасьць сьмецьця, “сьмецьцевы Чарнобыль” – таксама глабальная праблема, якая тычыцца не падзеі 30-гадовай даўніны, а нашай штодзённасьці.
 
Калі я быў у Вялікабрытаніі шмат год таму, каля будынку Беларускай місіі стаяла чатыры кантэйнеры для разьдзельнага збору сьмецьця – і гэта ня спальны раён! Яны гэта разумелі яшчэ тады, мы ж – даходзім толькі цяпер.
 
Алесь Кіркевіч
Фота Хрысьціны Марчук
 
© 2018 Газета "ЦАРКВА"