Друк
19.02.2015
Папа заклікаў сьвецкіх вернікаў быць апосталамі гарадзкіх кварталаў
 
Хрысьціяне павінны быць апосталамі гарадзкіх кварталаў, у якіх часта пануюць абыякавасьць і ананімнасьць, адзначыў Папа Францішак падчас аўдыенцыі для ўдзельнікаў пленарнага пасяджэньня Папскай Рады па справах сьвецкіх — паведамляе Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё.
 
Пленарнае пасяджэньне Папскай Рады па справах сьвецкіх на тэму душпастырства ў вялікіх гарадах праходзіла ў Ватыкане 7 лютага 2015 году. Папа ўхваліў рашэньне Папскай Рады па справах сьвецкіх абраць Апостальскае навучаньне «Evangelii gaudium» у якасьці асновы для дыскусіяў і яшчэ раз нагадаў, што місія вернікаў — з радасьцю несьці Евангельле тым, хто жыве побач, з любоўю суправаджаючы «тых братоў, якія робяць першыя крокі ў веры».
 
Гаворачы пра важнасьць і актуальнасьць душпастырства ў вялікіх гарадах, Сьвяты Айцец адзначыў, што гарады «ўяўляюць сабой вялікія магчымасьці, але таксама і рызыкі: яны могуць быць цудоўнымі прасторамі для свабоды і чалавечай рэалізацыі, але таксама жудаснымі месцамі дэгуманізацыі і няшчасьця». «Здаецца, што кожны горад, нават той, які выглядае самым квітнеючым і ўпарадкаваным, мае здольнасьць нараджаць унутры сябе цёмны “анты-горад”. Здаецца, што побач з гараджанамі існуюць таксама “недагараджане”: нябачныя асобы, пазбаўленыя сродкаў і чалавечага цяпла, якія засяляюць “недамесцы”, якія жывуць “недаадносінамі”. Гаворка ідзе пра індывідуўмаў, на якіх ніхто не скіроўвае погляду, увагі, цікавасьці», — сказаў Папа.
 
Бог, аднак, не пакідае горад, перакананы Францішак, — Ён у ім жыве. І таму нельга трапляць у роспач і песімізм. Сьвяты Айцец лічыць, што на гарады трэба глядзець з верай, сузіраючы Бога, якія жыве ў гарадзкіх дамах, на вуліцах і плошчах. «Бог ніколі не пакіне горад, таму што ніколі не зьнікае з сэрца чалавека», — сказаў Папа.
 
Сьвяты Айцец нагадаў, што гарады — гэта тэрыторыя для плённага апостальства, дзе павінны быць актыўна задзейнічаныя сьвецкія вернікі. Ён таксама адзначыў важнасьць навучыць іх глядзець на горад «поглядам веры, поўным надзеі, які здольны глядзець вачыма Бога».
 
Сьвецкія вернікі першымі пакліканы бяз страху выходзіць насустрач жыхарам гораду. У штодзённых справах, у працы, самастойна ці з сям’ёй, разам з парафіяй ці ў складзе царкоўных супольнасьцяў, да якіх належаць, яны могуць разьбіць сьцяну ананімнасьці і абыякавасьці, якія часта пануюць у гарадах. «Вернікі пакліканы быць у Царкве пакорлівымі першапраходцамі і стаць закваскай хрысьціянскага жыцьця для ўсяго горада. У гэтай абноўленай місіянерскай руплівасьці ў гарадах важна таксама, каб вернікі, у сулучнасьці з сваімі пастырамі, былі здольныя прапанаваць само сэрца Евангельля, а не яго «прыдаткі» (…). Толькі так можна дзейнічаць, паважаючы асобу людзей: прапаноўваць самую сутнасьць Евангельля». «Каб быць апосталамі гарадзкіх кварталаў, трэба толькі знайсьці ў сабе мужнасьць зрабіць першы крок насустрач іншым», — адзначыў Папа.
 
© 2018 Газета "ЦАРКВА"