Друк
28.02.2017
Пра Курапаты
 
«Апошнімі днямі шмат думаю пра Курапаты... Неяк узгадаў, што там не пахаваны ніводзін з грэка-каталіцкіх сьвятароў. І, як ня дзіўна, для нас, грэка-каталікоў, гэтае месца надзвычай важнае», — пра месца масавых расстрэлаў ахвяраў бальшавізму ў Курапатах і лёс беларускіх грэка-каталіцкіх сьвятароў дзеліцца сваімі разважаньнямі душпастыр парафіі Маці Божай Фацімскай з Горадні а. Андрэй Крот.
 
Апостальскі Візітатар БГКЦ архім. Сяргей Гаек разам з Апостальскім Нунцыем архібіскупам Клаўдыё Гуджэроцьці ў Курапатах. Дзяды, 2013 г.
Чаму ніхто з сьвятароў там не пахаваны? Проста ВЫПАДКОВА!
 
На каталіцкіх могілках пад Целяханамі спачывае мой духовы папярэднік айцец Баляслаў Пачопка. Даведзены судамі, падаткамі і штрафамі, пагромам у царкве, якіх не шкадавалі для пажылога і хворага чалавека «вызваліцелі», да сардэчнага прыступу, ён памёр у сьнежні 1940-га. Інакш, напэўна, апынуўся б у Курапатах.
 
Айцец архімандрыт Фабіян Абрантовіч пасьля 7 гадоў турмаў памёр у маскоўскай Бутырцы, і месца яго пахаваньня невядомае. Ляжыць ён у нейкіх маскоўскіх, а ня менскіх Курапатах.
 
Грэка-каталіцкія сьвятары з Берасьцейшчыны на асьвячэньні крыжа ў Курапатах. Дзяды, 2015 г.
Яго сябра і паплечнік архімандрыт Андрэй Цікота ляжыць у невядомай магіле пад Тайшэтам, у тамтэйшых Курапатах.
 
Экзарх Антон Неманцэвіч пахаваны на былых лютэрнскіх могілках ў Менску. Забілі яго нацысты, але могілкі, на месцы якіх цяпер сквер, нішчылі ўжо іх былыя саюзьнікі-камуністы. У той час не было каму абараніць гэтыя Курапаты...
 
На могілках у Рабэрціне пад Варшавай спачывае а. Вячаслаў Аношка. Пасьля вайны ён ня змог застацца на Радзіме, інакш, напэўна, скончыў бы жыцьцё ў Курапатах...
 
«Пашанцавала» айцам-выгнаньнікам, якія пахаваныя на могілках сьв. Панкрата ў Лондане — а. Льву Гарошку, а. Язэпу Германовічу, а. Тамашу Падзяве, уладыку Чэславу Сіповічу. Калі можна назваць шчасьцем немагчымасьць да канца сваіх дзён трапіць на Бацькаўшчыну і рабіць справу, якой ты марыў прысьвяціць сваё жыцьцё. Айцы Язэп Германовіч і Тамаш Падзява паспыталі лагернага жыцьця, а потым ім проста не далі застацца на Бацькаўшчыне. Іншыя ваеннай завірухай былі занесеныя на Захад, цудам выратаваліся ад Курапатаў...
 
Айцец Андрэй Крот у Курапатах разам з сваімі парафіянкамі і Маяй Кляшторнай (дачкой расстралянага паэта Тодара Кляшторнага) і яе мужам пасьля паніхіды па бязьвінных ахвярах напярэдадні Дзядоў 2010 г. (Фота: «Твой стыль»).
Курапаты для нас — ня проста могілкі. Гэта месца-сымбаль, дзе мы можам аддаць пашану тым, чыіх магіл ня ведаем альбо хто пахаваны далёка. Тым, чые лёсы зламалі нялюдзкія сістэмы, якія «вызвалялі» чалавека ад Бога, і дзе яго жыцьцё станавілася ўласнасьцю іншага чалавека, які ўвасабляў «дзяржаву».
 
На Вялікі пост вырашыў штодзённа маліцца за Курапаты. Пакуль трывае справа з будоўляй — за яе вырашэньне. Калі ўсё скончыцца (спадзяюся, гэта здарыцца хутка), — буду маліцца за супакой тых сотняў тысячаў, якія спачываюць у гэтым месцы.
 
© 2017 Газета "ЦАРКВА"